Расійскія паралімпійцы не дапушчаныя да Гульняў у Рыа

8 августа 2016

Паралімпійская зборная Расіі не дапушчаная да Гульняў у Рыа. Пра гэта аб'явіў прэзідэнт Міжнароднага паралімпійскага камітэта Філіп Крэйвен.

Са слоў чыноўніка вынікае, што падставы для такога цвёрдага рашэння крыюцца ва ўжо знакамітым дакладзе Сусветнага антыдопінгавага агенцтва аб заахвочванні ўжывання допінгу на дзяржаўным узроўні ў Расіі. Нагадаем, камісія Макларэна выявіла сотні выпадкаў утойвання станоўчых вынікаў тэстаў на допінг, здадзеных прадстаўнікамі Расіі паміж 2012 і 2015 гадамі, у тым ліку і падчас Паралімпійскіх гульняў у Сочы, калі вынікі расійскі атлетаў рэзка ўзраслі.

Расійскі бок збіраецца абскардзіць вердыкт у Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане, на гэта ў чыноўнікаў ёсць 21 дзень. Праўда, сітуацыя з паралімпійцамі вельмі складаная, паколькі на Гульнях Расія можа выступіць толькі адзінай камандай, а значыць індывідуальныя заяўкі спартсменаў разгледжаныя не будуць.