Вынікі жаночай спрынтарскай гонкі ў Халменколене

17 марта 2017

Жаночай спрынтарскай гонкай у Халменколене стартаваў сёння заключны этап Кубка свету па біятлоне. З-за моцнага ветру спартсменкам было нялёгка, асабліва на агнявых рубяжах, таму шматлікім біятланісткам не атрымалася пазбегнуць заезду на штрафны круг. Лішнія метры давялося пераадолець і Дар'і Домрачавай, якая двойчы прамахнулася пры стральбе лежучы і адзін раз не закрыла мішэнь на стойцы. Аднак добрая хуткасць на дыстанцыі: у гэтым паказчыку сярод усіх спартсменак Домрачава была пятай, дазволіла нашай біятланістцы кваліфікавацца ў гонку праследавання. Заўтра на дыстанцыю Дар'я адправіцца 21-й, праз паўтары хвіліны пасля пераможніцы сённяшняга спрынту - прадстаўніцы Фінляндыі Мары Лаўкканен. Акрамя Домрачавай, у пасьют трапілі Надзея Скардзіна, Крысціна Ільчанка і Дынара Алімбекава.