Рэканструкцыя Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі Раўбічы завяршаецца

22 августа 2014
І будаўнікі, і спартсмены сцвярджаюць, што праект па ўсіх паказчыках непаўторны. Падобных комплексаў у свеце няма.

За навядзеннем апошніх будаўнічых штрыхоў назірала Надзея Сербіненка.

Апошні раз журналісты наведвалі Раўбічы месяц таму. І за гэты час тут шмат чаго змянілася. Сэрца спартыўнага комплексу - біятлонны стадыён - амаль гатовы. Мантаж мішэнных установак завяршаецца сёння. А ў найбліжэйшыя дні біятланісты іх апрабуюць.

Цалкам абноўлена лыжаролерная траса, пабудавана стрэльбішча, судзейскі павільён з трыбунамі і гасцініца на 50 месцаў. За некалькі метраў ад агнявой мяжы - вакс-кабіны, дзе спецыялісты націраюць воскам лыжы.

Каб прымаць сур'ёзныя спаборніцтвы, спартыўны комплекс спачатку павінен зарэкамендаваць сябе. Таму ў Раўбічах робяць стаўку на правядзенне збораў біятланістаў на працягу года.

З гэтай пляцоўкі адкрываецца панарама на ўвесь цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі. Так, ужо цалкам завершана будаўніцтва домікаў для падрыхтоўкі каманд да заездаў. Стралковы стадыён таксама гатовы. А ўжо 28 жніўня сюды прыедзе нацыянальная каманда па біятлоне.

Адметнасцю адноўленага комплексу стаў трэніровачны крыты цір на 10 мішэняў. Зараз тут працуюць спецыялісты з Фінляндыі. Такіх умоў для спартсменаў няма нідзе - адзначае дзяржаўны трэнер нацыянальнай зборнай па біятлоне. Юрый Альберс бывае на будпляцоўцы па некалькі разоў на тыдзень - па парады да яго штодзень звяртаюцца будаўнікі.

Адначасова на аб'екце зараз працуе 800 будаўнікоў розных профіляў з усіх рэгіёнаў краіны.

Збор нацыянальнай каманды стане праверкай прыдатнасці адноўленага комплексу. А ў лютым 2015-га тут пройдзе юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне.