Раўбічы сёння прымаюць унікальны спартыўны фестываль, у якім возьмуць удзел самыя яркія зоркі сусветнага біятлона. Балельшчыкі ўжо ў прадчуванні відовішча. У праграме спаборніцтваў тры гонкі, два суперспрынты (мужчынскі і жаночы), па выніках якіх будуць сфарміраваныя каманды для выступлення ў эстафеце.
Наша здымачная група працуе ў Раўбічах ужо каля гадзіны, зараз на прамую сувязь са студыяй выходзіць наш спартыўны аглядальнік Андрэй Іваноў.
Я думаю, балельшчыкаў чакае не проста гонка, а ў нейкай ступені ўнікальная падзея. Зараз растлумачу, чаму. Ні для каго не сакрэт, што кожны год пасля завяршэння сезона, пасля таго, як раздадзеныя "хрустальныя глобусы", праходзіць Гонка чэмпіёнаў. Гэта камерцыйны турнір, які збірае ўсё лепшае, што ёсць у біятлоне на дадзены момант. Апошні прайшоў у Цюмені вясной. Але каб сабраць у адным месцы ў адзін час спартсменаў, якія выйгравалі ўсё або амаль усё, але ўжо завяршылі кар'еру - такога раней не было. Прычым, з пункту погляду ўзнагарод і тытулаў людзі, якія прыехалі ў Мінск, дадуць фору дзеючым біятланістам. Менавіта ў гэтым заключаецца ўнікальнасць.
Усё самае цікавае пачнецца тут праз некалькі гадзін. Гэта і забаўная праграма, і самі гонкі, і аўтограф-сесія, таму ў балельшчыкаў яшчэ ёсць час дабрацца да Раўбіч, а вось спартсмены прыляцелі ў Беларусь напярэдадні.
У вочы адразу кінулася выдатная фізічная форма. Напрыклад, Свен Фішэр кар'еру завяршыў у 2007-м, зараз яму 44 гады, але час над немцам нібы не ўладны.
Застаецца дадаць, што першая гонка пачнецца ў 13:45. Але, нагадваю, фестываль пачнецца а 11-й гадзіне. З улікам павышанай цікавасці лепш сюды прыязджаць загадзя.
Ёсць яшчэ адзін момант, які хацелася б адзначыць. Калі той ці іншы спартсмен дамагаецца ў жыцці ўсяго, ён часта забываецца пра свае карані. Дар'я Домрачава ў гэтым плане абсалютная супрацьлегласць, прыклад прафесіяналізму і патрыятызму. Нягледзячы на тое што ў спартсменкі былі пэўныя праблемы са здароўем, з-за якіх яна прапусціць гэты сезон, яна не забываецца пра сваіх балельшчыкаў, не забываецца пра родную краіну і для Беларусі і папулярызацыі віду спорту робіць вельмі многае. Можна ўспомніць перамогі на Алімпіядзе і Кубку свету і вось такія сацыяльныя праекты, як "Гонка легенд".













