Раўбічы прымаюць этап Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках

15 января 2016

Раўбічы прымаюць першыя ў гісторыі комплексу міжнародныя спаборніцтвы па лыжных гонках - этап Кубка Усходняй Еўропы. На працягу трох дзён за ўзнагароды і пропуск на этапы Кубка свету будуць змагацца спартсмены з трох краін: Беларусі, Расіі і Украіны. Для самога комплексу, які сёлета адзначыць 42-і дзень нараджэння, гэты старт з'яўляецца магчымасцю яшчэ раз прадэманстраваць гатовасць прыняць спаборніцтвы міжнароднага маштабу ў любы час і незалежна ад умоў надвор'я. Дык ці паўплывала "Даніела" на правядзенне лыжных спаборніцтваў і каго ў Раўбічах чакаюць пасля лыжнікаў? Раскажа Алена Гарэльчык.

У Раўбічах да снежнага пытання паставіліся сур'ёзна і загадзя. Добра, што тэхніка дазваляе. Так што "Даніела" апынулася не выратаваннем, а прыемным бонусам. Кубак Усходняй Еўропы праводзіцца восьмы раз. У гэтым сезоне спаборніцтвы ўключаюць чатыры этапы. Беларускі - трэці па календары, другі фактычна. Этап у Краснагорску праз цёплае надвор'е быў скасаваны. Перамога ў агульным заліку дае пропуск на этапы Кубка свету.

Усе беларусы сёння апынуліся ў гонцы. Моладзь правяралі на гатовасць да юніёрскіх стартаў. Свае задачы выконвала і нацыянальная каманда. У першы дзень этапу спаборнічалі класікі. Юлія Ціханава стала трэцяй. Лепшы з мужчын Міхаіл Сямёнаў прыбег шостым.

Выніку не будзе без сістэмы. У федэрацыі гэтую сістэму выпрацавалі. Справа, праўда, не аднаго года. Для цяперашняга кіраўніка федэрацыі лыжных гонак Аляксандра Канюка гэты міжнародны старт па частцы арганізацыі дэбютны. Дэбют атрымаўся. Удзельнікі адзначаюць: умовы камфортныя, траса ідэальная, ды і сам комплекс у спарстменаў, якія бачылі шмат іншых, выклікае захапленне.

Калі ўжо прафесіяналам ёсць дзе разгарнуцца ў Раўбічах, дык аматарам і пагатоў. Спаборніцтвы падоўжацца да нядзелі. Заўтра на старт выйдуць спрынтары. Барацьба будзе гарачай. З раніцы можна пахварэць, пасля абеду на лыжы ўстаць самім. Федэрацыя лыжных гонак, дарэчы, сур'ёзна задумваецца аб правядзенні ў Раўбічах этапу Кубка свету.