Раўбічы рыхтуюцца прыняць чэмпіянат Еўропы па біятлоне

24 февраля 2020
Раўбічы на гэтым тыдні - цэнтр еўрапейскага біятлона. Змяніўшы спаборніцтвы лыжных акрабатаў, з 26 лютага па 1 сакавіка тут пройдзе чэмпіянат кантынента. Беларусь падставіла плячо Міжнароднаму саюзу біятланістаў і прымае форум замест Эстоніі, у якой няма снегу. Зрэшты, наша надвор'е сёння - мокры снег, які змяняецца спачатку дажджом, потым сонцам - выклікала нямала турбот. Бо ва ўмовах такой вільготнасці і стабільнага плюсу трэба выйсці на ўзровень гатоўнасці нумар 1. Статус будучых стартаў абавязвае. Адказнасць высокая. Спартсмены ўжо прыбываюць у нашу краіну і настройваюцца на добрае выступленне. Клопаты і ў тэлевізіёншчыкаў. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да маштабнага асвятлення чэмпіянату Еўропы. За мітуснёй у комплексе ўвесь дзень назіраў наш карэспандэнт Аляксандр Ярмаш. Ён спяшаецца супакоіць: спаборніцтвы пройдуць на звыкла высокім узроўні, як ужо было не раз. 

Увесь панядзелак у Раўбічах кіпіць праца, адзіныя, хто адпачывае - гэта снежныя гарматы. Тэмпература не дазваляе ім працаваць, таму яны чакаюць свайго часу. Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, ён прыйдзе зусім хутка. Ужо гэтай ноччу.

У сталіцы чакаецца да  мінус 3 і за 20 км на поўнач ад Мінска вельмі хочуць, каб прагноз спраўдзіўся. Калі наша краіна экстранна згаджалася прыняць турнір, чакаліся начныя маразы. Але на справе мінус быў рэдкім госцем у Раўбічах.

Вось так беражліва міні-экскаватар ушчыльняе снег у спецыяльна адзначаных межах трасы. А вось снег прыродны, які сёння некалькі раз ішоў над комплексам, перашкода.


"Беларусь 5" пакажа чэмпіянат Еўропы па біятлоне 


У планах  4 спаборніцкія дні. Нагрузка на трасу (у распараджэнні спартсменаў кругі на 2.5, 2 і 1.5 кіламетра) ляжа значная. Сур'ёзныя выпрабаванні чакаюць і тэлевізіёншчыкаў. Іх тут не намнога менш, чым супрацоўнікаў комплексу. 

Міхаіл Карчынскі, рэжысёр тэлеканала "Беларусь 5": "Будуць выкарыстаны 31 камера, 2 ПТС, працуе наша прафесійная брыгада. Таксама будуць скарыстаны дадатковыя тэхнічныя сродкі - 2 краны на трасе, 1 кран на стрэльбішчы. Таксама калегі ўстановяць студыю, куды будуць запрашаць гасцей. Звыклыя мікс-зона, флэш-зона. Атрымаецца прыгожая карцінка".


Біятлон у Раўбічах. Білеты на чэмпіянат Еўропы пакуль яшчэ ёсць


Для гледачоў на стадыёне ўсталявалі спецыяльны экран, каб прасцей было сачыць за стральбой. Да гэтага моманту на чэмпіянат Еўропы прададзена каля дзвюх тысяч білетаў. Арганізатары спадзяюцца, што апошнія дні квіткі будуць купляць больш актыўна. Біятлон - цікавае баўлення вольнага часу. Зразумела, на стадыёне будуць усталяваныя пункты харчавання.

Першы спаборніцкі дзень чэмпіянату Еўропы - серада. Гледачоў чакаюць суперспрынты: мужчынскі і жаночы. Гэта гонка складаецца з двух этапаў: кваліфікацыя і фінал, якія пройдуць у адзін дзень. Спецыялісты не ручаюцца, што ў беларусаў будуць медалі, але запэўніваюць, што наша траса са сваёй задачай справіцца.