Пяты Мінскі паўмарафон сабраў больш за 40 тысяч чалавек з дзясяткаў краін

15 сентября 2019
Нішто не параўнаецца з самым масавым забегам у гісторыі Беларусі. Пяты Мінскі паўмарафон прайшоў сёння па сталічных вуліцах і пабіў усе рэкорды папярэдніх. Спартыўнае свята сабрала  больш за  40 тысяч чалавек з дзясяткаў краін: ад Японіі да Мексікі, ад ЗША да Кеніі. Забег стаў і вышэй статусам. Зараз яму прысвоены сярэбраны лейбл Міжнароднай лёгкаатлетычнай асацыяцыі. Ды і прызавы фонд  рэкордны. У параўнанні з мінулым годам ён вырас на 20 % і склаў 60 тысяч долараў.

Плячо ў плячо ў Мінскім паўмарафоне можна было прабегчыся не толькі з аматарамі  здаровага ладу жыцця, але і  з зоркамі, палітыкамі і тэлевядучымі. Сярод аматараў здаровага ладу жыцця была і каманда Агенцтва тэленавін. Наш спартыўны аглядальнік Андрэй Казлоў па традыцыі выйшаў на дыстанцыю і ўзяў з сабой камеру. Рэпартаж з эпіцэнтра падзеі.

Гэта ўжо потым будуць пабіты ўсе рэкорды Мінскага паўмарафону. Мы  даведаемся, што ў ім прынялі ўдзел аматары бегу з амаль 70 краін, а ў  суме ўсе забегі сабралі каля 40 тысяч удзельнікаў. Вуліцы беларускай сталіцы ў літаральным сэнсе ссунуліся з месцаў. 

Аднак Мінскі паўмарафон яшчэ да старту сцёр усе межы і насамрэч пачаўся ў зусім нечаканым месцы. Сонца ўзыходзіць, як вядома, у Азіі. І калі мінчане і госці сталіцы яшчэ спалі, у Кітаі да Мінскага паўмарафону далучыліся ўсе беларусы, якія жывуць у гэтай краіне. Не толькі ў Пекіне - пабеглі і ў Шанхаі, і ў Гуанджоу. 

Арэнай для бегу стаў парк Храма Сонца. Разам з кітайскай карпарацыяй ЗТЕ праводзяць акцыю "Кіламетры дабра". Удзельнікі перадаюць  звесткі  сваіх трэкераў і лічыцца агульная сума. 

Неўзабаве першы старт у Мінску - больш  за 20 кіламетраў дыстанцыі - якраз і ёсць той самы фармат паўмарафону. Затым бягуць тыя, хто выбірае дыстанцыю 10 з невялікім кіламетраў. Наперадзе ўнікальнае падарожжа па вуліцах Мінска з незвычайнага ракурсу. 

Марыа Бальдзі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі: "Я імкнуся бегаць максімальна часта, ёсць у мяне спецыяльна мястэчка, тут, ля Свіслачы. Ну і прымаць удзел у паўмарафоне для мяне вялікі гонар, паколькі гэта сапраўды вялікае мерапрыемства". 

А  заканчваўся Мінскі паўмарафон гэтак жа цёпла, як яго ўспрымаюць госці - дзіцячым забегам, дзе адразу было рэгламентавана, што ўдзельнікі бягуць не на вынік, а з дабрачыннай мэтай.