Праверыць характар і ўмацаваць здароўе

8 мая 2014

Каля 3 тысяч удзельнікаў сабраў 17-ы лёгкаатлетычны крос на прызы газеты СБ-Беларусь сегодня. Прабег традыцыйна праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. Дзеці, дарослыя і нават пажылыя людзі пераадольвалі дыстанцыю ад аднаго да шасці кіламетраў. Рэпартаж Паўла Капуцкага.


З 97-га года лёгкаатлетычны крос прыцягвае ўсё больш людзей. Спачатку ўдзельнічалі спартсмены, зараз бегчы напярэдадні Дня Перамогі могуць усе, проста ў розных катэгорыях. Сімвалічна, што прабег праходзіў у цэнтры горада, каля стэлы Мінск - горад-герой.


Уладзіслаў Стацкевіч, удзельнік Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты СБ-Беларусь сегодня: Нізкі паклон ветэранам за іх подзвіг. Таксама загінуўшым нізкі паклон за тое, што аддалі жыццё за нашу радзіму, нашу краіну.


Аляксандра Сакалоўская, удзельніца Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты СБ-Беларусь сегодня: Мы вельмі ганарымся ветэранамі, якія абаранялі нашу родную зямлю. Вядзем здаровы лад жыцця, заклікаем людзей да гэтага. Кідайце курыць, піць і ідзіце бегаць.


У карпаратыўных забегах і эстафетах удзельнічаць маглі ўсе, а вось у індывідуальных стартах дзяцей і юнакоў беглі тыя, хто прайшоў адбор у абласцях.


Уладзіслаў нарадзіўся ў Хойніках, дзеля заняткаў лёгкай атлетыкай пераехаў у Мазыр. Прызавы мільён рублёў выдаткуе на новыя бегавыя красоўкі.


Уладзіслаў Церашонак, пераможца Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты СБ-Беларусь сегодня: Хачу высокіх вышынь дасягнуць. Як мінімум чэмпіёнам Еўропы стаць, хачу на Алімпійскія гульні адабрацца, удзельнічаць.


Дзмітрый Камашка, спецыяльны карэспандэнт газеты СБ-Беларусь сегодня: Вельмі вялікая цікавасць, канкурэнцыя за гэты кубак за 17 гадоў вырасла. Прынцыповая барацьба ідзе ўжо паміж абласцямі.


Сёння крос сабраў у адным месцы некалькі тысяч чалавек. Сілай сюды нікога не зацягвалі, гавораць арганізатары, проста запрашалі.


Павел Няпрахін, начальнік упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Беларусі: У нас заўсёды праходзіць даволі масава, маляўніча, з прыцягненнем артыстаў, з прыцягненнем шырокіх пластоў насельніцтва, каб кожны мог адчуць атмасферу гэтага ўсяго.


Сяргей Зыкаў, дырэктар Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты СБ-Беларусь сегодня: Бег - гэта самы просты занятак. Прама з парога дома пабег, прыйшоў. Па шашы, у парку можна займацца. Гэта значыць гэта самы просты і даступны від спорту.


Для сапраўднага свята адных старту і фінішу мала. Сёлета прабег расцягнуўся на некалькі гадзін. Доўга пратрымацца без дадатковых бялкоў і вугляводаў спартсменам цяжка, але арганізатары ўсё прадумалі. Месца, дзе можна падсілкавацца, тут ёсць.


Цэны не адрозніваюцца ад магазінных - ніякай дадатковай нацэнкі. І што важна для спартсменаў, у асартыменце высокакаларыйная ежа. Галоўны спартыўны вынік кросу - Брэсцкая вобласць шосты раз запар перамагае ў агульным заліку. Сімвалічна. Вялікі кубак будзе захоўвацца дзесьці недалёка ад Брэсцкай крэпасці.