На гэтым тыдні ў топе навін былі спартыўныя тэмы. Пачнем мы з прыемнай - праслаўленая беларуская біятланістка Дар'я Домрачава зноў на п'едэстале! Прычым нашы спартсменкі феерат на Кубку свету ўжо другі этап запар. На мінулым тыдні ў шведскім Эстэрсундзе ў індывідуальнай праграме перамагла Надзея Скардзіна, на гэтым - адразу два подыумы ў асабістых гонках за нашай Дашай. Лідару каманды ў найскладанейшых пагодных умовах удалося ідэальна адстраляцца ў спрынце. У спалучэнні з якасным ходам па дыстанцыі яе выступленне атрымалася пераможным.
На наступны дзень Домрачава бегла гонку праследавання. Гэтым разам на лыжні Дар'я была не так хуткая, затое з 20 стрэлаў прамахнулася толькі адзін раз. Добрая праца на стрэльбішчы дазволіла беларусцы застацца на подыуме. Праўда, не на першай прыступцы, а на трэцяй. Вышэй - Анастасія Кузьміна са Славакіі і Кайса Мякярайнен з Фінляндыі. Узрушаючых спартыўных вынікаў Домрачава дабіваецца ўжо стаўшы маці. Першага кастрычніка іх з Уле Б'ёрндаленам дачцы Ксеніі споўніўся адзін год.
А ў найбліжэйшую пятніцу ў французскім Ансі стартуе трэці этап Кубка свету. Яго Дар'я Домрачава прапусціць. Замест спаборніцтваў запланаваны трэніровачны збор. Стаўка ў гэтым сезоне на Алімпійскія гульні, яны пройдуць у лютым у Паўднёвай Карэі.