Праект "Зборная Беларусі". Спартыўная гімнастыка

5 июня 2019

Што тычыцца саміх спаборніцтваў, асаблівую цікавасць у балельшчыкаў выклікае спартыўная гімнастыка. Праз 24 дні  90 атлетаў на "Мінск-Арэне" разыграюць 12 камплектаў узнагарод. Хто ўвойдзе ў залаты склад нашай каманды на II Еўрапейскіх гульнях, распавядзём разам з партнёрам БПС-Ашчадбанкам  у новай серыі праекта "Зборная Беларусі".

Элементы гэтага віду спорту з'явіліся даўно. Яшчэ 3 тысячы гадоў да нашай эры ў старажытным Кітаі і Індыі гімнастычныя практыкаванні выкарыстоўваліся ў лячэбных мэтах. Спартыўная гімнастыка - аснова ўсіх асноў - упершыню была прадстаўлена на Алімпійскіх гульнях у 1896 году ў Афінах.

Беларускія гімнасты з'яўляюцца сусветнымі знакамітасцямі. Нэлі Кім, Тамара Лазаковіч, Святлана Багінская, Ларыса Петрык, Віталь Шчэрба, Вольга Корбут са сваёй знакамітай "пятлёй" - гэтых людзей у свой час горача любілі. Зараз від спорту ў краіне перажывае перараджэнне.

Валерый Каладзінскі, галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па спартыўнай гімнастыцы: "Большасць трэнераў з'ехала, парушылася сувязь пакаленняў. Маладыя трэнеры ёсць, дзеці ёсць заўсёды. Ім падабаецца, яны хочуць. Наша задача дапамагчы ім рэалізаваць усе магчымасці". 

Пачынаць займацца гімнастыкай можна з 2 гадоў, а вось удзельнічаць у спаборніцтвах  толькі з 16-ці. Менавіта столькі вось-вось споўніцца Анастасіі Алістратавай і Жанне Мяцеліцы. Яны прадставяць Беларусь на II  Еўрапейскіх гульнях сярод жанчын.

Жанна Мяцеліца, майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы: "Дзеля гэтага мы і трэніруемся. Гэта гонар  - выступаць на такіх спаборніцтвах. Хвалююся. Хочацца не падвесці краіну і трэнера. Рыхтуемся. Найважнейшы старт". 

Абедзве дзяўчыны зробяць упор на выступленні на рознавысокіх брусах. Менавіта гэты снарад у іх каронны. 

Таксама жанчыны на Гульнях выступяць у апорным скачку, вольных практыкаваннях, практыкаванні на бервяне і асабістым мнагабор'і. Дарэчы, самым складаным снарадам у дзяўчат лічыцца як раз бервяно.

Вольга Баркалава, старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі па спартыўнай гімнастыцы: "Гэта ўсё ж 10 сантыметраў шырыня. Трэба ўсе акрабатычныя элементы зрабіць без збавак і атрымаць ацэнку. І галоўнае не ўпасці, бо падзенне дае адразу мінус бал. Гэта адразу няма надзеі на медаль".

А вось у мужчын самым каварным снарадам называюць каня. Калі спартсмен выканаў яго без памылак, то вялікая імавернасць медаля ў асабістым мнагабор'і.

Таксама мужчыны пакажуць праграмы ў вольных практыкаваннях, апорным скачку. Выступяць на кольцах, паралельных брусах і перакладзіне.

Аляксандр Баранаў, галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па спартыўнай гімнастыцы: "Мы заваявалі тры - гэтая максімальная колькасць ліцэнзій. Хлопцы гатовыя нармальна. Адзіную асцярогу выклікае Васіль Міхаліцын. Ён прааперыраваны па меніску. Калі гаварыць пра Васіля, то гэта, вядома, конь. Гэта яго каронны снарад. Андрэй Ліхавіцкі будзе рабіць тры снарады - конь, брусы і перакладзіна".

У вольных практыкаваннях і апорным скачку яшчэ Беларусь прадставіць Ягор Шарамкоў. На тэставым турніры да Еўрапейскіх гульняў, які прайшоў на "Мінск-Арэне" ў красавіку, гімнаст на апошнім снарадзе ўзяў золата.

Ягор Шарамкоў, майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай гімнастыцы: "Арэна вельмі вялікая. Усё арганізавана на высокім узроўні. Гэта вельмі цяжка арганізаваць, каб усё атрымлівалася своечасова і як трэба. Чакаем з нецярпеннем. Пастараемся не падвесці краіну".

Слова "гімнастыка" пайшло ад грэчаскага "гімнас" - аголены. Зараз  да вонкавага выгляду спартсмена шмат патрабаванняў. Касцюмы з эластана вышываныя крышталямі Свароўскі. Не апошнюю ролю адыгрывае інвентар - напульснікі або фіксатары для запясця, чэшкі, накладкі, якія дазваляюць не зрываць мазолі на руках.

Спаборніцтвы або трэніроўкі не праходзяць без магнезіі. Гэта соль магнію, якая прызначаная для падсушвання рук і, як вынік, павелічэння надзейнасці хвата. Каб яшчэ больш палепшыць счэпку, спартсмены папярэдне змочваюць перакладзіну вадой. Дарэчы, да з'яўлення магнезіі  гімнасты выкарыстоўвалі ваду з цукрам і мёдам. Праўда, ад такога сіропу брусы даводзілася чысціць наждачкай. 

Выступленне гімнаста ацэньваюць па двух паказчыках. Для хуткай фіксацыі тэхнічных элементаў суддзі выкарыстоўваюць спецыяльныя знакі - іх каля тысячы. 

З 27 па 30 чэрвеня 90 спартсменаў на "Мінск-Арэне" разыграюць 12 камплектаў узнагарод.