Праект "Пашпарт аб'екта" распавядае пра Палац тэніса

9 ноября 2018

Адзін з самых папулярных відаў спорту ў свеце. Настольны тэніс не проста ўваходзіць у праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. Менавіта майстры малой ракеткі разгуляюць у Мінску найбольшую колькасць ліцэнзій. Таму ў Беларусь сапраўды прыедуць наймацнейшыя. На наступным тыдні РЦАП па настольным тэнісе прыме прэстыжныя спаборніцтвы Belarus Open. Яны стануць тэстам перад летнімі баталіямі. Такім чынам, чарговая серыя праекта "Пашпарт аб'екта". Палац тэніса.

Расказвае Павел Капуцкі.

2015 год. Уладзімір Самсонаў даходзіць да фіналу Еўрапейскіх гульняў, дзе саступае Дзмітрыю Аўчараву. Наступным летам у чвэрцьфінале бразільскай Алімпіяды легенда беларускага настольнага тэніса бярэ рэванш у прадстаўніка Германіі і даходзіць да паўфіналу. Хатнія еўрапейскія гульні для 42-гадовага Самсонава - адна з галоўных матывацый працягваць кар'еру.

Майстры малой ракеткі жадалі спаборнічаць у Falcon Club, але тую пляцоўку занялі бадмінтаністы. Гэта сучасны рэспубліканскі цэнтр па настольным тэнісе. Падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў тут будуць праходзіць трэніроўкі. А медалі і алімпійскія ліцэнзіі спартсмены разгуляюць у Палацы тэніса.

Звычайна тут гуляюць у вялікі тэніс. Але гэтая пляцоўка ўжо прымала дзесяць міжнародных турніраў па настольным: Belarus Open. У лістападзе пройдзе тэставы 11-ты. На час Гульняў усталююць чатыры спаборніцкія сталы. Будзе каля тысячы глядацкіх месцаў. РЦАП па настольным тэнісе стане трэніровачнай арэнай з 16-ю сталамі.

Майстры малой ракеткі разгуляюць у Мінску пяць камплектаў медалёў. У мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах, змяшаных парах і камандных турнірах. Квота - 3 спартсмены ад краіны. Усяго 128 удзельнікаў. Але галоўнае: шэсць алімпійскіх ліцэнзій! Больш, чым у любога іншага віду спорту. Пуцёўку ў Токіа атрымаюць усе прызёры асабістых спаборніцтваў. У Беларусь прыедуць адзіныя прадстаўнікі Еўропы ў ТОП-10 сусветнага рэйтынгу: Дзмітрый Аўчараў і Ціма Боль са зборнай Германіі.

Для гульні трэба чатыры атрыбуты: ракетка, мяч, стол і сетка. Настольны тэніс уваходзіць у дзясятку самых папулярных відаў спорту ў свеце. 850 мільёнаў гульцоў і балельшчыкаў па ўсёй планеце. Самыя паспяховыя - азіяты. Так, у Кітаі працуе дзяржаўная праграма па развіцці настольнага тэніса. Таму спартсмены з Паднябеснай выйграваюць амаль усе чэмпіянаты свету.

20-гадовы Аляксандр Ханін - другі нумар зборнай Беларусі. Еўрапейскія гульні для яго, хутчэй, вопыт, чым магчымасць узяць медаль. Таксама як і для Дар'і Трыгалас.

Дар'я і іншыя дзяўчаты з жаночай каманды цягнуцца за Вікторыяй Паўловіч. Двухразовая чэмпіёнка Еўропы ў адзіночным разрадзе тры гады назад стала мамай, але ўсё роўна лепшая ў камандзе.

Спаборніцтвы па настольным тэнісе ў рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў пройдуць з 22 па 29 чэрвеня.