Праект Галявая перадача

15 апреля 2014
Матчы ў Гродне для нашай зборнай стануць важнай рэпетыцыяй перад вялікім экзаменам - хатнім чэмпіянатам. А ён - усё бліжэй. Як бачым, цікавасць да хакея зараз найвышэйшая, а таму і мы працягваем знаёміць гледачоў з нюансамі гульні і падрыхтоўкі. Наш праект Галявая перадача сёння - пра арэну, без якой Мінск не атрымаў бы правоў на правядзенне чэмпіянату. Спарткомплекс у Чыжоўцы здзівіць удзельнікаў планетарнага форуму сваёй функцыянальнасцю, а балельшчыкаў - гасціннасцю. Станіслаў Ліпскі - пра асаблівасці Чыжоўка-Арэны.

Мала хто памятае, але падчас будаўніцтва Чыжоўка-Арэны было вырашана павялічыць ёмістасць трыбун галоўнай лядовай пляцоўкі з сямі да амаль дзесяці тысяч гледачоў. Гэтым і тлумачыцца позні тэрмін здачы спарткомплекса. Але ўжо сёння прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі хакея завуць яго ўнікальным для нашай краіны.


Каб галоўная пляцоўка арэны набыла свой цяперашні выгляд, запатрабавалася 200 кг сухой белай фарбы, бо замёрзлая вада мае цёмна-шэры колер. Сёння лёд у ідэальным стане.
Літаральна два месяцы таму ў арэне ўсталявалі самае сучаснае святло-гукавое абсталяванне. Зараз кіраўніцтва спарткомплекса можа зарабляць на правядзенні выстаў і канцэртаў.
Агульная плошча Чыжоўка-Арэны - 68 000 метраў квадратных. Змяшчальнасць малой арэны - 500 пасадачных месцаў, вялікай - 9600. Наяўнасць дзвюх аўтаномных лядовых пляцовак на адлегласці 100 метраў адна ад адной - істотны плюс для каманд - удзельніц чэмпіянату свету.
У плане ўмоў для працы журналістаў Чыжоўка-Арэна здольная даць фору шматлікім спартыўным палацам планеты. На трыбунах ёсць вялізная зона, абсталяваная столікамі і высакахуткасным Wi-Fi. Ёсць вялікі прэс-цэнтр на 100 пасадачных месцаў, відэазала, канферэнц-залы. Падчас чэмпіянату журналісты будуць у трохзоркавай гасцініцы Арэна, усе 107 нумароў якой ужо сёння забраніраваныя на май. Тэлевізіёншчыкам за якасць карцінкі таксама хвалявацца не давядзецца.
Арэна прыме 28 матчаў папярэдняга этапу, а таксама два чвэрцьфінальныя паядынкі. На гэты момант Чыжоўка - адзінаццатая ёмістасцю сярод хакейных арэн Еўропы. На чэмпіянаце свету яна стане домам у тым ліку і для наймацнейшай на сёння каманды свету - канадцаў. Мясцовыя жыхары ўжо рыхтуюцца браць аўтографы ў алімпійскіх чэмпіёнаў.