Працягваюць радаваць сваімі перамогамі нашы весляры - байдарачнікі і канаісты ў венгерскім Сегедзе

24 августа 2019

Працягваюць радаваць сваімі перамогамі нашы весляры - байдарачнікі і канаісты. Гэтымі днямі ў венгерскім Сегедзе праходзіць ліцэнзійны чэмпіянат свету, а гэта значыць, што на коне не толькі медалі, але і пуцёўкі ў Токіа.

Сёння залатая скарбонка зборнай ізноў папоўнілася. Свой высокі клас ізноў прадэманстравалі Марына Літвінчук і Вольга Худзенка. У алімпійскай дысцыпліне ў заездзе байдарак-двоек на дыстанцыі 500 метраў нашы дзяўчаты выйгралі яшчэ адно золата і сталі такім чынам двухразовымі чэмпіёнкамі свету. Напярэдадні яны прывезлі золата на дыстанцыі 200 метраў. Беларускі лідар павіншаваў чэмпіёнак Марыну Літвінчук і Вольгу Худзенку. "Вы годна правялі фінальны заезд, апярэдзіўшы наймацнейшых саперніц. Дзякуй вам і вашым трэнерам", - гаворыцца ў віншаванні.

Таксама выдатна з задачай  справілася Алена Наздрова. У заездзе каноэ-адзіночак на дыстанцыі 200 метраў наша спартсменка не толькі выйграла ліцэнзію на Алімпійскія гульні (для гэтага было дастаткова трапіць у лік шасці наймацнейшых), але і заваявала бронзавы медаль. 

Нагадаем, напярэдадні Алена прымерыла золата чэмпіянату свету ў неалімпійскай дысцыпліне. З перамогай спартсменку павіншаваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. 

"Ты імкліва ўварвалася ў эліту сусветнага веславання, паказваючы выдатную фізічную падрыхтоўку,  праяўляючы моцны характар і нясхільную волю да перамогі. Так трымаць!" - адзначыў беларускі лідар.

Таксама медальны пачын дзяўчат у пятніцу падтрымаў байдарачнік Мікіта Борыкаў. У яго серабро на дыстанцыі 500 метраў. 

З упэўненым выступленнем усю нацыянальную каманду павіншаваў беларускі лідар. 

"Золата Алены Наздровай, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук, а таксама серабро Мікіты Борыкава - добры зачын перад найважнейшымі гонкамі, у якіх будуць разыграныя не толькі медалі планетарнага першынства, але і ліцэнзіі на Алімпіяду 2020 года. Перакананы, што наша каманда здольная забяспечыць максімальны вынік дзякуючы суладнай працы пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў",  - гаворыцца ў віншаванні.

І яшчэ адзін - ужо чацвёрты - медаль вышэйшай пробы прынеслі байдарачнікі Станіслаў Дайнека і Дзмітрый Натынчык. Беларусам не знайшлося роўных у заездзе на дыстанцыі 500 метраў. 

Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку і падтрымку нашым веслярам.

З задачай мінімум сёння справіўся і Алег Юрэня. У заездзе байдарак-адзіночак на дыстанцыі 1 000 метраў ён застаўся без узнагарод, але фінішаваў шостым, і гэта таксама алімпійская ліцэнзія. 

У вячэрняй праграме чэмпіянату свету запланаваны паўфінальныя заезды. Заўтра ж, у заключны дзень спаборніцтваў, ізноў будзем хварэць за беларусаў. Пакуль жа падлічым наш ураджай. У зборнай Беларусі  шэсць узнагарод, у тым ліку чатыры залатыя, па адной сярэбранай і бронзавай. У медальным заліку беларусы займаюць трэці радок.