Перадапошні дзень групавога этапа 81-га чэмпіянату свету па хакеі ў Францыі

15 мая 2017

Францыя гэтымі днямі, акрамя палітычных падзей, жыве яркім і насычаным спартыўным жыццём. Сёння там перадапошні дзень групавога этапа 81-га чэмпіянату свету па хакеі: на турніры прайшлі чатыры гульні. Галоўнае для беларусаў: датчане абгулялі Італію з лікам 2:0 і тым самым прыбралі той малаверагодны тэарэтычны расклад, пры якім каманда Дэйва Льюіса ўсё ж магла пакінуць эліту сусветнага хакея. Заўтра нацыянальная каманда завершыць выступленне на турніры паядынкам супраць Нарвегіі. А сёння аб арганізацыі чэмпіянату ў Парыжы і не толькі раскажа Станіслаў Ліпскі.

Федэрацыі хакея Францыі крыху больш за 10 гадоў, раней яна ўваходзіла ў альянс з зімовымі відамі спорту, таму практычна не развівалася. Незалежнасць арганізацыі адразу ж расчыніла дзверы для магчымасці правесці ў Парыжы чэмпіянат свету.

Люк Тардзіф, кіраўнік Федэрацыі хакея Францыі: "З 2006 года колькасць зарэгістраваных хакеістаў вырасла з 15 тысяч да 20 тысяч. Сёння ў нас ужо 200 лядовых каткоў па ўсёй Францыі, яшчэ дзве арэны выключна для хакея зараз будуюцца ў Парыжы, і гэтыя лічбы мы будзем нарошчваць. Бачачы наш прагрэс, кіраўнікі Федэрацыі хакея Германіі далі згоду, каб мы сумесна з Кёльнам прэтэндавалі на турнір у 2017-м, і, як бачыце, усё атрымалася".

Хакей у Францыі развіваецца ў асноўным за кошт спонсараў, доля дзяржаўнага фінансавання - 20%.

Ярык Трэй, нападаючы зборнай Францыі па хакеі: "Як удаецца прыцягнуць грошы? Рэклама. Тут гатовыя плаціць, каб твой брэнд хаця б на некалькі секунд паказалі на тэлеэкране, бо матчы ўнутранага чэмпіянату асвятляюцца добра, з'яўляюцца спонсары і за кошт асабістых дамоўленасцяў функцыянераў".

Чаго, дарэчы, не скажаш пра асвятленне чэмпіянату свету. У Францыі гульні турніру паказваюць толькі па платным канале.

Але пры гэтым чэмпіянат арганізаваны бліскуча - нягледзячы на адсутнасць фан-зоны, да арэны дабрацца проста, праўда, акрэдытаваным журналістам бясплатны праезд не прадугледжаны, але абсалютна ва ўсім работнікам СМІ тут дапамагаюць валанцёры. Іх у Парыжы 327.

Рэнэ Фазель, кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея: "У мяне няма прэтэнзій да арганізатараў, чэмпіянат арганізаваны добра. Шчыра прызнаюся: я рады, што ён тут праходзіць. Парыж – мой любімы горад. Адзінае, шкада, што балельшчыкаў не вельмі шмат".

А афіцыйнымі маскотамі турніру сталі добра ўсім нам вядомыя Астэрыкс і Абелікс. Выбар паў на гэтых персанажаў нездарма: яны прадстаўляюць галаў - народ, які ў свой час жыў на тэрыторыі паміж сучаснымі Парыжам і Кёльнам (цяперашнімі гарадамі - гаспадарамі планетарнага форуму).

На чэмпіянаце свету ў Парыжы засталося правесці тры матчы групавога этапа і два чвэрцьфіналы. Заўтра тут завершыць сваё выступленне на турніры і наша зборная. У 13:15 беларусы выйдуць на лёд супраць нарвежцаў.