Паслязаўтра ў Раўбічах стартуе чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў

16 февраля 2015

Паслязаўтра ў абноўленым спарткомплексе "Раўбічы" стартуе другі па значнасці турнір у календары Міжнароднай федэрацыі біятлона - чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў. Мінскі раён стане эпіцэнтрам планетарных баталій у гэтым відзе спорту: 44 краіны заяўлены для ўдзелу на турніры. Даўжэй за ўсіх да Беларусі давялося дабірацца спартсменам Бразіліі, Аўстраліі і Паўднёвай Карэі. Ужо сёння палова каманд прайшла акрэдытацыю, заўтра да васьмі вечара гэту працэдуру пройдуць усе ўдзельнікі спартыўнага форуму. На плошчы Дзяржаўнага флага адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця чэмпіянату, а сёння дзень трэніровак.

Станіслаў Ліпскі пачуў першыя ўражанні юных біятланістаў, даведаўся, дзе знаходзіцца зона цішыні на трасе, чаму яна так называецца, а таксама ўбачыў ахоўны арсенал будучага турніру.

Здавалася б, траса, стрэльбішча і прэс-цэнтр - галоўныя аб'екты чэмпіянату свету. Але без вось гэтага будынка турнір і зусім бы не адбыўся, дакладна, без таго, што размясцілася ўнутры. Паводле правіл Міжнароднай федэрацыі біятлона, усю зброю, якую прывозяць з сабою спартсмены, забаронена захоўваць у нумары гатэля - толькі ў спецыяльна адведзеным месцы. Такім стаў крыты цір рэканструяванага спарткомплексу.

У найбліжэйшыя дзесяць дзён тут будуць захоўвацца амаль 600 вінтовак, перад тым як прыняць зброю, судзейскі камітэт яе дэталёва аглядае. Уласна, як і самі спартсмены, бо кошт адной вінтоўкі мінімум 2000 еўра.

Келмар Эйн, біятланіст, Вялікабрытанія: "Зброю правяраюць, каб у яе не было мікрадэфектаў, а яшчэ механічных непаладак. Вядома, яна не павінна важыць менш за тры з паловай кілаграмы".

Атрымаўшы тут зброю, спартсмен па спецыяльным калідоры накіроўваецца на трасу - перад стартам гонкі адбываецца прыстрэльванне.

У біятлоне вельмі шмат правіл: так за 10 метраў да стрэльбішча пачынаецца так званая зона цішыні. Каля 250 суддзяў будуць працаваць тут, у Раўбічах, падчас правядзення чэмпіянат свету і 50 з іх будуць сачыць за тым, каб трэнеры не падказвалі сваім спартсменам. Толькі пасля перасячэння вось гэтай адзнакі настаўнікі змогуць параіць сваім біятланістам, якую ж трэба зрабіць папраўку на вецер.

У чым асаблівасць трасы ў Раўбічах, цікавімся ў чэмпіёнкі Еўропы Анастасіі Міркушынай з Украіны.

Анастасія Міркушына, біятланістка, Украіна: "Падыход на стрэльбішча адыгрывае вялікую ролю. Тут перад ім вельмі доўгі спуск, што дазваляе аднавіць пульс і можна выстраліць дакладна. З іншага боку, моцны і пастаянны вецер тут, што ўскладняе сітуацыю".

А як вам інфраструктура, працягваем бліцінтэрв'ю.

Біятланісты зборнай ЗША салідарныя з Анастасіяй.

Шон Доры і Джэймс Данкан, біятланісты, ЗША: "Мы былі ў шматлікіх краінах, Раўбічы нічым не саступаюць таму ж Кантыялахці, плюс у вас клімат мякчэйшы, тут лягчэй спаборнічаць".

Дарэчы, першыя гонкі пройдуць толькі паслязаўтра, а пакуль валанцёры цэнтра акрэдытацый падлічваюць колькасць удзельнікаў чэмпіянату свету.

Заўтра ў 20:00 на плошчы Дзяржаўнага флага адбудзецца цырымонія адкрыцця чэмпіянату. Першая гонка ў сераду стартуе ў 10:00.