Пасля ўдзелу ў "Мінскай лыжні" Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў

13 марта 2021
Свята здаровага ладу жыцця. "Мінская лыжня" адзначае афіцыйны юбілей - 35 гадоў. Першая гонка адбылася яшчэ ў 1986 годзе мінулага стагоддзя. У гэтыя хвіліны ў Раўбічах фінальны забег.

Галоўная падзея свята - эстафета 4 па 2 км. На гэты раз яна праходзіць у біятлонным фармаце. На лыжнай трасе па традыцыі і асабіста Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Дарэчы, Прэзідэнт прапускаў спаборніцтвы ўсяго некалькі  разоў, і то з-за замежных камандзіровак. Сапернічаць камандзе кіраўніка дзяржавы давялося з яшчэ дванаццаццю квартэтамі. Сярод іх зборныя Адміністрацыі Прэзідэнта, апарата Саўміна, аблвыканкамаў і гарвыканкама. Зрэшты, у гонцы ўсе роўныя: ніякіх пасад і чыноў. Правілы для ўсіх аднолькавыя. Адно выключэнне: Аляксандру Лукашэнку прыйшлося страляць стоячы - не сакрэт, што Прэзідэнт некалькі гадоў таму атрымаў сур'ёзную траўму калена. Зрэшты, гэта зусім не бонус камандзе, а хутчэй дадатковы стрэс. Як сцвярджаюць самі спартсмены, трэнеры ды і каментатары, стральба стоячы  больш складаная па многіх параметрах. У такім становішчы вінтоўка менш падкантрольная. Для некаторых біятланістаў пазіцыя стоячы і зусім камень спатыкнення ў кар'еры. З выпрабаваннем справіліся годна.

Каманда Прэзідэнта перамагла ў эстафеце на "Мінскай лыжні"

Першай на фініш сімвалічна прыйшла каманда пад нумарам 1. Час чэмпіёнаў 34 хвіліны і 13 з паловай секунд. Серабро заваяваў віцебскі квартэт, трэцяе месца ў зборнай Брэсцкага аблвыканкама. Пераможцам і прызёрам  медалі, дыпломы, граматы і спецыяльныя прызы.

Пасля  заканчэння ўрачыстай часткі  фотасесія менш афіцыйная. Балельшчыкі маглі асабіста пагутарыць з кіраўніком дзяржавы. Без фота ніхто не застаўся. Пасля Аляксандр Лукашэнка падзяліўся эмоцыямі ад гульні і перамогі сваёй каманды. Было няпроста і вельмі хвалююча. 

Прэзідэнт аб перамозе сваёй каманды


"Перамагаць заўсёды цяжка. Тым больш, калі за табой сочаць, даруйце нясціпласць, мільёны розных вачэй, - сказаў Прэзідэнт. - Для мяне цяжка, вельмі цяжка. Але людзям добра. Такі мой лёс. Мая задача - рабіць людзям добра".

Спартыўнае свята "Мінская лыжня - 2021"

Усяго ў "Мінскай лыжні" заяўлены 63 каманды. Гэта 252 чалавекі. За першынство на сваіх дыстанцыях змагаліся таксама дружыны сілавых міністэрстваў і ведамстваў, зборныя органаў дзяржкіравання, канцэрнаў і банка. Гонка аб'яднала лыжнікаў-аматараў усіх узростаў і прафесій з розных рэгіёнаў Беларусі. Бягуць ВНУ, школы, прадпрыемствы і проста аматары лыжнага спорту - для ўсіх праводзіцца масавы старт. Зразумела, такая падзея сабрала сотні балельшчыкаў на трыбунах. Раўбічы сёння максімальна гасцінныя. Салдаты частуюць смачнай бясплатнай кашай. Падрыхтавана канцэртна-забаўная праграма. Арганізаваны гандлёвыя пункты і фудкорт, дзе ёсць бліны. Усё ж Масленіца! 

Спартыўнае свята падагульніць зімовы сезон. Нагадаем, у 21:00 гледачам канала "Беларусь 5. Інтэрнэт" будзе прапанавана тэлеверсія спаборніцтваў.

Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў 

Аляксандр Лукашэнка ўжо пасля ўдзелу ў "Мінскай лыжні" адказаў на пытанні прэсы. На такой спартыўнай падзеі журналісты не маглі не закрануць Алімпіяду ў Токіа. 

Пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка і інфармацыю, агучаную ў фільме, што выйшаў у інтэрнэце, пра яго "залатое дно", дзе распавядаецца аб раскошы, у якой нібы жыве кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт фільм яшчэ цалкам не глядзеў. Але паведамленую яму інфармацыю Аляксандр Лукашэнка назваў хлуснёй. Не абмінулі  журналісты і нядаўняе сацдаследаванне, праведзенае напярэдадні Усебеларускага народнага сходу. Беларусы пасля падзей мінулага года ставяць бяспеку і стабільнасць на першае месца. Больш падрабязна раскажам у наступных выпусках.

Прэзідэнт падтрымаў юных лыжнікаў


Праграма спартыўнага свята больш чым насычаная: эстафеты за эстафетамі. Прэзідэнт пасля зносін з журналістамі не пакінуў Раўбічы. Аляксандр Лукашэнка не проста хварэў за ўдзельнікаў, а шчыра дапамагаў самым маленькім. Бачачы, як няпроста даюцца апошнія метры да фінішу, кіраўнік дзяржавы падбадзёрваў юных лыжнікаў і зладзіў для іх своеасаблівую трэніроўку ад Прэзідэнта.