Пасля інцыдэнту з вобыскам беларускіх хакеістаў у МЗС выкліканы пасол Францыі ў Беларусі

4 мая 2017

Запатрабавалі тлумачэнняў. МЗС Беларусі ў сувязі з вобыскам беларускай зборнай па хакеі на вакзале ў Парыжы выклікаў пасла Францыі Дыдзье Канеса.

Нагадаем, нашы спартсмены прыехалі ў сталіцу Францыі на чэмпіянат свету. У вагоне цягніка паліцыя ачапіла хакеістаў і ўчыніла надгляд. Прычым, як каменціруюць відавочцы, даволі жорсткі. Абшукалі Дэйва Льюіса, Крэйга Вудкрафта і Алега Антоненку, Ягора Шаранговіча і Андрэя Касціцына. Што датычыцца ўрача нашай зборнай, то ў яго рэчах перагледзелі кожную таблетку і ампулу. Надгляд доўжыўся каля 20 хвілін. У выніку паліцыя нічога не знайшла і адпусціла каманду.

Інцыдэнт пракаменціраваў МЗС нашай краіны. Пасольства ў Францыі падтрымлівае кантакт са зборнай па хакеі. У сувязі з вобыскам у французскага боку запыталі тлумачэнні. Пра гэта гаворыцца ў "Твітары" ведамства.

Як адзначыў у эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін нападаючы каманды НХЛ "Нью-Ёрк Айлендэрс" Міхаіл Грабоўскі, які ў гэтыя дні ў Мінску аднаўляецца пасля траўмы, інцыдэнт у Парыжы не павінен адбіцца на настроі каманды перад чэмпіянатам свету.

Міхаіл Грабоўскі, нападаючы ХК "Нью-Ёрк Айлендэрс": 

"Я думаю, гэта ніяк не будзе адносіцца да зборнай. Тым больш яны не гуляюць ні сёння, ні ўчора не гулялі. У іх гульня заўтра. Ёсць час адпачыць. Галоўнае, каб у іх усё было нармальна. Зараз там не так бяспечна, і калі правяраюць, гэта нават лепш".

Нагадаем, зборная Беларусі на чэмпіянаце свету заўтра згуляе з камандай Фінляндыі. Чэмпіянат пройдзе з 5 па 21 мая, акрамя Парыжа гульні турніру прыме і Кёльн.