Падрабязнасці паўфінальнага матча Англія - Харватыя

12 июля 2018

Пакуль мы актыўна рыхтуемся да маштабнага форуму, які Беларусь прыме ў наступным годзе, у суседняй Расіі спартыўная інтрыга набліжаецца да развязкі. Напярэдадні ў паўфінале чэмпіянату свету па футболе зборная Англіі сустракалася з Харватыяй. Драматычную гульню ўбачылі амаль 80 тысяч чалавек. Перамогу землякоў у Харватыі адзначылі гучна. Своеасаблівы флэшмоб учынілі нават ва ўрадзе, парушыўшы дрэс-код: чыноўнікі прыйшлі ў майках сваёй зборнай. Што ж, паглядзім, ці дапаможа такая падтрымка ў фінале. Нагадаем, супрацьстаяць Харватыі будзе зборная Францыі. А падрабязнасці паўфінальнага матча - у Паўла Капуцкага.

Харвацкія балельшчыкі нібы здзекуюцца з англійскіх фанаў. Тэкст іх крычалкі: "Ён не вяртаецца дамоў". Размова пра Кубак свету. Яго родапачынальнікі заваёўвалі толькі адзін раз, 52 гады таму.

Гарэт Саўтгейт сабраў баявую каманду, якой дасталася яшчэ і спрыяльная сетка. Яны прайшлі Калумбію, Швецыю і ўжо на пятай хвіліне паўфіналу забілі харватам. Трып'е. Але адважныя балканцы ў другім тайме адыграліся. Перэшыч. Потым былі два экстра-таймы. Манджукіч не дае англічанам шанец нават на серыю пенальці - 2:1.

Для краіны з насельніцтвам у тры з паловай мільёны чалавек выхад у фінал - фантастычнае дасягненне. Быў паўфінал у 1998-м, і тады харваты саступілі Францыі. Лік матча 20-гадовай даўнасці - 2:1. Трохкаляровыя потым узялі Кубак свету, у фінале адолеўшы Бразілію, а харваты ў бітве з Нідэрландамі вырвалі бронзу. Зараз Францыя і Харватыя сыдуцца ў фінале!

Калі б харвацкія футбалісты адзначалі перамогу, як іх фанаты ў Маскве і Заграбе, то да фіналу сапраўды не аднавіліся б.

Англічане працягвалі спяваць, хоць і са слязамі. Калі ў наступны раз трафей будзе так блізка? Замест адказу шматкроп'е…

Тром львам трэба настроіцца на матч з Бельгіяй. У суботу яны ў Санкт-Пецярбургу аспрэчаць бронзу. У нядзелю ў Лужніках фінал. Прамыя трансляцыі на "Беларусь 5".