Падрыхтоўка да чэмпіянату свету па хакеі выходзіць на фінішную прамую

6 октября 2013

Чыжоўка-Арэна амаль гатовая. Па горадзе ўсё часцей заўважаеш сімволіку будучага форуму. Нарэшце, на тыдні ў фанатаў з'явілася магчымасць набыць абанементы на гульні планетарнага першынства. Колькі каштуе паглядзець усе матчы зборнай, каму дастаўся самы першы сертыфікат, і чаму кошт білета на адзін матч можа адрознівацца ў некалькі разоў?


Расказвае Павел Капуцкі.


Панядзелак, чатыры гадзіны дня. У офісе кампаніі - партнёра Беларускай федэрацыі хакея, якая займаецца рэалізацыяй білетаў на чэмпіянат свету, запушчаны працэс продажу абанементаў. На першым паверсе гэтага будынка ёсць каса. Нам выпала ўбачыць першага пакупніка. Алена доўга лічыла грошы. Касір пералічваў. Два абанементы (для сябе і мужа) каштавалі ёй амаль 22 мільёны.


Пакуль у продажы толькі тры віды білетных пакетаў. Можна забяспечыць сабе месцы на 30 матчах Чыжоўка-Арэны, 34 паядынках Мінск-Арэны. Але самы папулярны пакет завецца Усе матчы каманды Беларусі плюс. Пад плюсам маецца на ўвазе адзін чвэрцьфінал, паўфінал, матч за трэцяе месца і фінал. Усяго 11 гульняў.


Кошты адрозніваюцца больш як у шэсць разоў. Усё залежыць ад месца на трыбуне. Вось, напрыклад, дзе будуць сядзець людзі, якія выдаткавалі на абанемент амаль 14 мільёнаў. Гэта ідэальны пункт для прагляду матча. Самы бюджэтны варыянт - крыху больш за два мільёны - дазваляе размясціцца высока над пляцоўкай і, зразумела, не ў цэнтры.


З 14 кастрычніка выбар абанементаў пашырыцца. А вось білеты на асобныя матчы можна будзе купіць толькі з 25 лістапада.


Чыжоўка-Арэну па першапачатковых планах ужо павінны былі здаць. Але ў хакей тут дагэтуль не гуляюць. Усхвалявалася і Міжнародная федэрацыя хакея. Беларусы супакоілі. 7 лістапада арэна будзе гатовая, а да Новага года тут паспеюць правесці некалькі гульняў - у якасці тэста.


Праз тыдзень тут чакаюць канадскіх спецыялістаў. Паўночнаамерыканцы ўсталююць пляцоўку, зальюць першы лёд. Гэтым людзям можна давяраць. Яны працавалі на Мінск-Арэне.


Канчаткова вырашылася візавае пытанне. Віз не будзе. Для перасячэння мяжы іншаземцам, акрамя пашпарта, спатрэбіцца толькі білет. Прад'явіць яго трэба не толькі на ўездзе, але і на выездзе. На пытанне некаторых: А калі страцім білет? - Яўген Ворсін адказвае проста: Пашпарт жа вы не губляеце.


Незалежна ад таго, колькі матчаў турыст плануе наведаць, у Беларусі ён зможа знаходзіцца на працягу ўсяго чэмпіянату. Сусветны форум, нагадаем, пройдзе з 9 па 25 мая.