Пад знакам вейкбордынга адыходзячая субота аб'яднала на возеры Вечалле на Віцебшчыне больш як 40 спартсменаў з усёй Беларусі. Наогул, каб уяўляць, вейкбордынг - гэта своеасаблівая камбінацыя водных лыж, скейта, снаўборда і сёрфінга. Сваё майстэрства тут прадэманстравалі ўдзельнікі розных узростаў. Спаборнічалі спартсмены ў некалькіх катэгорыях. Падчас спаборніцтваў дасведчаныя ўдзельнікі здзівілі найскладанейшымі трукамі і відовішчнымі скачкамі. Акрабатычныя элементы на вадзе ацаніла і наш карэспандэнт Марына Раманоўская.
Сяргей Фамін успамінае, што шмат гадоў таму ў яго з'явілася мара - арганізаваць у гарадскім пасёлку Ушачы спаборніцтвы па вейкбордынгу. Ідэя зацікавіла і дасведчаных, і спартсменаў-пачаткоўцаў. Ужо пяты раз спаборніцтвы збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў.
На маляўнічым беразе возера Вечалле шматлюдна задоўга да пачатку спаборніцтваў. Прадэманстраваць сваё майстэрства прыехалі больш як 40 спартсменаў з розных гарадоў Беларусі. Пасля абавязковага інструктажу - падрыхтоўка. І толькі потым старт.
Удзельнікі ў аранжавай форме не толькі самыя яркія, але і адны з наймацнейшых. На спаборніцтвах прадстаўляюць Ушацкі клуб па вейкбордынгу. Сваімі поспехамі, распавядаюць спартсмены, абавязаныя дасведчаным трэнерам.
Спаборніцтвы праходзяць у розных катэгорыях. Майстэрства ўдзельнікаў ацэньваецца адразу па некалькіх крытэрыях.
Вейкбордынг - экстрэмальны від спорту. Ён спалучае складаныя акрабатычныя элементы і відовішчныя скачкі. Да прыкладу, каб на выдатна выканаць асобныя трукі, спартсмену трэба трэніравацца некалькі месяцаў.
Для некаторых спартсменаў гэтыя спаборніцтвы па вейкбордынгу сталі першымі. Але дзякуючы паспяховаму дэбюту пачаткоўцы ўжо мараць аб далейшых пераможных стартах.













