Амаль шэсць гадзін на марозе дзеля перамогі

25 января 2016

На Плешчаніцкім вадасховішчы прайшоў першы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўнай рыбалцы з лёду. Чэмпіянат аб'яднаў восем лепшых каманд рыбаловаў. Фінал адбудзецца праз тыдзень. Лавіць рыбу неабходна на блешню, прычым залічвацца будуць толькі шчупак, судак, акунь і ёрш. За ходам спаборніцтваў назіраў Ян Пашкевіч.

Лепшыя рыбакі ў адзін час і на адным вадасховішчы. Плешчаніцкае возера стала месцам правядзення спаборніцтваў па зімовай рыбалцы. Чэмпіянат аб'яднаў 8 самых паспяховых каманд з усёй краіны. Выбіралі самых моцных у любімай справе.

Лавіць рыбу на спаборніцтвах можна толькі на блешню, металічную пласціну з кручком, якая падобная на маленькую рыбку. Рыбак апускае блешню ў лунку і робіць рухі вудай так, каб драпежнік клюнуў на прынаду.

Пераўтварыць хобі ў спорт Віталь Трыказенка вырашыў некалькі гадоў таму і не прагадаў - амаль адразу стаў кандыдатам ў майстры спорту. Нават у мінус 15 тытулаванаму рыбаку горача – кожныя некалькі хвілін трэба рабіць да пяці новых лунак за раз у пошуках «клёвага» месца.

У кожнага рыбака ёсць толькі адна вуда, а таму пакінуць прынаду адразу ў некалькіх лунках не атрымаецца. У залік ідуць шчупак, судак, акунь і ёрш. Спаборнічаюць каманды па тры чалавекі, улоў кожнага падсумоўваюць. Добрага валодання вудай для перамогі недастаткова – дапамагаюць тактычныя прыёмы.

Каб хутчэй арыентавацца на мясцовасці, каманды загаддзя вывучаюць асаблівасці вадасховішча – глыбіню ў розных месцах і таўшчыню лёду. Дзеля багатага ўлову рыбакам часам неабходна знаходзіцца на марозе да 6 гадзін запар.

Юрый Карых, арганізатар спаборніцтваў па зімовай рыбалцы: "Спаборніцтвы праводзяцца за два этапы, кожны складаецца з двух тураў. Напрыканцы кожнага дня праводзім узважванне і размяркоўваем прамежкавых лідараў. Для спаборніцтваў выбралі два вадаёмы - Плешчаніцкі і Вілейскі. Плешчаніцкі меншы, а таму больш тактычны. На Вілейскім - удзельнікам будзе прасцей".

Фінал спаборніцтваў – праз тыдзень. Дарэчы, сёлета чэмпіянат аднавілі пасля двухгадовай паўзы - адсутнасць сапраўднай зімы не дазваляла арганізаваць падлёдную рыбалку. Першы этап пацвердзіў: уменні каманды не разгубілі - агульны ўлоў склаў амаль паўсотні кілаграмаў. Было з чаго зварыць духмяную юшку