Па-сапраўднаму медальны дзень на Еўрапейскіх гульнях у Баку

16 июня 2015

Па-сапраўднаму медальным выдаўся гэты дзень для Беларусі на Еўрапейскіх гульнях у Баку. Чатыры ўзнагароды. З іх тры вышэйшай пробы. Алена Гарэльчык пра кожную з перамог.

 

Хуткая і цягавітая. Марыну Ліцвінчук можна смела назваць гераіняй аўторка. Дзяўчына змагалася на абсалютна розных дыстанцыях. Разам з Маргарытай Махневай у драматычным фінішы вырвалі перамогу на 200-метроўцы, апярэдзіўшы  ўладальніц срэбра з Сербіі ўсяго на тры дзясятыя секунды.

Менш чым праз гадзіну Марына выходзіла на старт ужо на дыстанцыі 5 тысяч метраў. Захапіўшы лідарства з самага пачатку заезду, Ліцвінчук так і фінішавала першай, у адзіноце. Аддаўшы ўсе сілы на дыстанцыі, падчас узнагароджання Марына не магла стрымліваць слёзы.

Гэта быў, хутчэй, працоўны медаль - скажа Алег Юрэня пасля таго, як у кампаніі Паўла Мядзведзева, Рамана Петрушэнкі і Віталя Бялько выйграе бронзу ў заездзе байдарак-чацвёрак. У такім складзе весляры трэніруюцца нядаўна, хлопцы разам правялі толькі 6 заняткаў. Сёмы - спаборніцкі - паказаў: ККД такіх трэніровак высокі.

Вялізная канцэнтрацыя, стрыманасць і цярпенне. А яшчэ каласальны вопыт. Усё разам дапамагло Віталю Бубновічу выйграць золата ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў. У фінале беларусу супрацьстаяў алімпійскі чэмпіён і прызёр гульняў італьянец Нікола Кампрыяні. Спартсменаў развялі ўсяго дзве дзесятыя ачка. Беларус у Баку быў больш дакладным.

Нарэшце, барацьба і яшчэ адно золата. Васіліса Марзалюк у драматычным паядынку ўзяла верх над расіянкай Кацярынай Букінай. Яшчэ дзве бронзавыя ўзнагароды ў скарбонку зборнай дадалі Марыя Мамашук і Надзея Шушко.

У медальным заліку пасля шасці дзён спаборніцтваў лідзіруюць расіяне. Гаспадары гульняў, праўда, дыхаюць ім практычна ў патыліцу. Першую тройку замыкаюць спартсмены з Венгрыі. Залаты аўторак дазволіў беларусам падняцца на 4 месца.

Папаўненні медальнай скарбонкі нашай зборнай заўтра будзем чакаць ад нашых барцоў-вольнікаў. Вікторыя Чайка выступіць у сваім каронным відзе - стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 метраў, за ўзнагароды пазмагаюцца нашы мастачкі-групавічкі. Усяго ў Баку ў сераду будзе разыграна 10 камплектаў медалёў.