Плюс два медалі на Паралімпіядзе! Золата Саханенкі ў жаночым спрынце і серабро Лобана ў мужчынскім

14 марта 2018

Другую ўзнагароду вышэйшай пробы на Паралімпіядзе - гэтым разам у лыжным спрынце сярод слабавідушчых - заваявала Святлана Саханенка. З перамогай на Паралімпійскіх гульнях беларускую спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Як і ў папярэдніх гонках, побач са Святланай быў яе лідар Раман Яшчанка. Дзяўчына доўгі час трэніравалася ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, але праз пагаршэнне здароўя ёй прыйшлося пакінуць прафесійны спорт. У Пхёнчхане беларуска, апроч дзвюх залатых узнагарод, заваявала бронзу ў біятлоне.

А ў мужчынскім спрынце толькі долі секунды вызначылі ўладальніка золата сярод спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата. Наш Дзмітрый Лобан на імгненне пазней за амерыканцаў перасёк рысу і ў выніку заваяваў серабро. Гэтая ўзнагарода - другая для беларуса ў Пхёнчхане. Раней Дзмітрый выйграў сярэбраны медаль у біятлоне.

У медальным заліку з дзевяцю ўзнагародамі - гэта 3 залатыя, 4 сярэбраныя і 2 бронзавыя медалі - зборная Беларусі працягвае ўтрымліваць восьмы радок. Заўтра ў нашых паралімпійцаў дзень адпачынку.