"Полымя міру" запалілі ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

18 июня 2019

"Полымя міру" паўгадзіны таму запалілі ў Мінску ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы пранясуць факеланосцы, кожныя дзве хвіліны змяняючы адно аднаго. Усяго каля паўсотні чалавек - спартсмены сусветнага ўзроўню, артысты эстрады, дзеячы мастацтва. Першай "Полымя міру" пранесла Надзея Скардзіна - алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, эстафету падхапілі спявак Дзмітрый Калдун і алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ганна Гуськова. 

Ужо праз некалькі гадзін агонь даставяць у Белтэлерадыёкампанію. Па вуліцы Макаёнка факел пранясуць вядучыя праграмы "Галоўны эфір". Самыя яркія моманты гледачы тэлеканала "Беларусь 1" змогуць убачыць у навінах і "Панараме". А анлайн-стрымы - у групах Агенцтва тэленавін у сацсетках.