"Полымя міру" завяршае сваё падарожжа па Гродзенскай вобласці

23 мая 2019

Калі вынікі II Еўрапейскіх гульняў пакуль прадбачыць цяжка, то рух эстафеты "Полымя міу" прадказальны. Сёння - завяршальны дзень па Гродзенскай вобласці. Факеланосцы пабывалі ў розных стагоддзях. Агонь мультыспартыўнага форуму сустракалі персанажы сям'і кампазітара Агінскага і княжацкі род Дамейка. "Полымя міру" пабывала і на сучаснай пляцоўцы - на БелАЭС.

Больш падрабязна пра маршрут гэтага дня - рэпартаж Анастасіі Бенедзісюк. На паўдарозе паміж Мінскам і Вільняй. Зручнае размяшчэнне для радавога маёнтка бачнага палітыка, дыпламата і кампазітара. Стагоддзе 19-е. Міхаіл Клеафас Агінскі з'ехаў па неадкладных справах. Жонка Марыя дэ Неры дае вясновы баль. Побач дочкі Амелія і Эма, сын Ірэнівуш. Тут жа сакратар Леанард Хадзько, а значыць - падстава асаблівая. Сёння, на 12-ы дзень маршруту агню II Еўрапейскіх гульняў па Беларусі, факеланосцы сталі часткай гістарычнага перфоманса. Звыклая атмасфера для Руслана Чарнецкага! У Залессі акцёр тэатра і кіно ўпершыню. Гаворыць, спорт і культура непадзельныя. І прапаноўвае ўсім гасцям першынства, зразумела, у вольны ад Гульняў час, паглядзець і на такую Беларусь.

Руслан Чарнецкі будзе завяршаць эстафету ў Смаргонскім раёне, а вось задасць тэмп студэнтка фізкультурнага ўніверсітэта. Ганна Калецкая займаецца лёгкай атлетыкай. У чэрвені за барацьбой на спартыўным памосце будзе сачыць з трыбуны балельшчыка (зрэшты, усё наперадзе). З фаварытамі вызначылася на беразе. А праходзіў бы мультыспартыўны старт у часы Агінскага, хто ведае, можа, і ён уключыўся б у барацьбу за медалі. Без ілжывай сціпласці яго фізічнай падрыхтоўкай дзеліцца тэатральная жонка маэстра.

З гісторыі ў сучаснасць і нават будучыню. Напрыклад, айчыннай атамнай энергетыкі. Астравец. Свой участак Вадзім Мацвяйчук пачне ў маляўнічым месцы. На фоне магутных фігур. Ён памятае, як узводзіліся гэтыя градзірні, ды і ў цэлым увесь маршрут галоўнай будоўлі краіны. Прызёр галіновых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Але перш - начальнік змены рэактарнага цэха БелАЭС. Вадзім Мацвяйчук так спяшаўся перадаць эстафету на вачах у сваіх калегаў, што запісваць інтэрв'ю прыйшлося набягу. "Атамны" адрэзак завершыцца ля цэнтральнай прахадной прадпрыемства. І зноў эстафета па-за часам. Курс - на Астравецкі раён.

У свой час вялізны стан на будаўніцтва гэтага храма ахвяравала сям'я Вацлава Дамейкі. Сёння гістарычныя персанажы адкрываюць свята, сустракаючы "Полымя міру". Тут жа - лепшыя калектывы. Наогул, мяркуючы па шэрсці, якую і падчас прабегу не пераставалі ткаць, у Гярвятах былі гатовыя да любога надвор'я. Не падвяло!

Ужо заўтра эстафету прыме Віцебская вобласць. Старт - на плошчы Свабоды ў 18 гадзін. Па паўночным рэгіёне марафон прадоўжыцца да 29 чэрвеня. А вось завершыцца маршрут па краіне 21 чэрвеня на галоўнай арэне Гульняў - мінскім стадыёне "Дынама".