"Полымя міру" сустракаюць у Мінску. Больш як 2 тысячы чалавек сабраліся на плошчы Дзяржаўнага флага

17 июня 2019

Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў дабралася да беларускай сталіцы. “Полымя міру” прайшло  тысячы кіламетраў - ад Рыма да Беларусі і аб'яднала ўсе рэгіёны краіны, у гэтыя  хвіліны  яго сустракаюць у самым сэрцы сталіцы.

На плошчы Дзяржаўнага флага сабраліся больш як 2 тысячы чалавек. Сярод іх атлеты, якім трэба будзе праз некалькі дзён выступаць на роднай зямлі, алімпійскія чэмпіёны розных гадоў, артысты і валанцёры. Прамую трансляцыю вядзе тэлеканал "Беларусь 5". Тэлеверсію глядзіце заўтра і на "Беларусь 24". Яркія кадры спартыўнага свята пакажа і здымачная група Агенцтва тэленавін. На плошчы працуе наш карэспандэнт Надзея Сербіненка

Тут, на плошчы Дзяржаўнага флага, літаральна некалькі хвілін таму пачалася доўгачаканая падзея - урачыстая цырымонія сустрэчы "Полымя міру" ў Мінску! За маёй спінай  ужо разгарнулася грандыёзнае шоу, да якога вялікая пастановачная каманда рыхтавалася некалькі месяцаў. 

Дзіва што! Факел мы чакалі доўга, і ён прайшоў доўгі і няпросты шлях. Эстафета "Полымя міру" пачалася ў вечным горадзе Рыме, прайшла па сямі краінах Еўропы і нават пабывала на вяршыні Манблана. Сардэчна сустракалі агонь II Еўрапейскіх гульняў і ў кожнай вобласці Беларусі. І нарэшце факел дабраўся да беларускай сталіцы, дзе ўжо зусім хутка пачнуцца II  Еўрапейскія гульні. 46 дзён 450 факеланосцаў з рук у рукі перадавалі агонь II Еўрапейскіх гульняў. Гэта людзі, якія дабіліся поспеху ў розных сферах, і кожны па-свойму  праслаўляе Беларусь сваёй працай і дасягненнямі. Дарэчы, сярод  факеланосцаў, якім даручылі сустрэць "Полымя міру" менавіта ў Мінску, - самыя-самыя. Гэта Герой Беларусі Дар'я Домрачава,  дэпутат, алімпійскі чэмпіён вясляр Аляксандр Багдановіч, чэмпіёнка свету і Еўропы лёгкаатлетка Марына Арзамасава, трохразовы алімпійскі чэмпіён барэц  Аляксандр Мядзведзь. Мы пагутарылі з  праслаўленымі факеланосцамі да пачатку цырымоніі, і вось што яны нам распавялі. 

Вернемся да самой цырымоніі. Пастаноўкай святочнага тэатралізаванага канцэрта займалася вялікая каманда рэжысёраў, харэографаў, аператараў, графічных дызайнераў. 

У шоу задзейнічана каля 2 тысяч чалавек, з іх большая частка - валанцёры II Еўрапейскіх гульняў. Для  юнакоў і дзяўчат гэта свайго роду вялікая рэпетыцыя перад пачаткам спаборніцтваў, бо ім прыйшлося працаваць у адной камандзе і дзейнічаць зладжана. На сцэну таксама выйдуць топавыя беларускія артысты,  харэаграфічныя і вакальныя калектывы з розных гарадоў краіны. Хедлайнер цырымоніі - запрошаная амерыканская рок-зорка Джо Лін Цёрнер, саліст гурта Deep Purple. Яго выступленне запланавана пад канец шоу. 

Прамую трансляцыю цырымоніі прама зараз вядзе тэлеканал "Беларусь 5". Прапануем паглядзець невялікі фрагмент тэлетрансляцыі (відэа).

Ужо заўтра галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў пабывае на найбуйнейшых прамысловых прадпрыемствах Мінска: на МАЗе, МТЗ, яго таксама даставяць у Парк высокіх тэхналогій і ў Белтэлерадыёкампанію. 

Мы ўсім калектывам ужо рыхтуемся сустрэць "Полымя міру" ў сценах галоўнага медыяхолдынга краіны. А завершыцца эстафета 21 чэрвеня на алімпійскім стадыёне "Дынама". Падчас цырымоніі адкрыцця Гульняў агонь запаляць у чашы ў цэнтры стадыёна. 

У гэтыя хвіліны праходзіць цырымонія запальвання агню II  Еўрапейскіх гульняў. Нагадаем, тэлеверсію цырымоніі пакажа "Беларусь 24" заўтра ў 15:30, паўтор  у начным эфіры тэлеканала.