"Полымя міру" сёння сустракалі жыхары Мінскай вобласці

14 июня 2019

Яркае спартыўнае свята ўсё бліжэй, агонь II Еўрапейскіх гульняў аб'яднаў усе рэгіёны краіны. Сёння “Полымя міру” сустракалі жыхары Мінскай вобласці. Па шляху галоўнага сімвала будучага форуму прайшла і наша здымачная група.

Расказвае Наталля Кузьміцкая: Ад волатаў, кар'ерных самазвалаў, да вялікіх інавацый Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. "Вялікі камень" сёння падхапіў эстафету перадачы агню II Еўрапейскіх гульняў. Сімвалічны камень індустрыяльнага парка быў закладзены ў 2014 годзе. Праз 5 гадоў на карце Мінскай вобласці літаральна вырас цэлы горад. "Полымя міру" пранеслі па галоўных вуліцах і праспектах інавацыйнага мегаполіса.

Ад Мінскага праспекта да Пекінскага ўзначальваў калону рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. Студэнты гэтай ВНУ рыхтуюцца сустрэць спартыўны форум не толькі ў якасці валанцёраў, але і выйсці на старты ў складзе нацыянальнай зборнай. Сустракалі факеланосцаў ля галоўнага адміністрацыйнага будынка "Вялікага каменя" прадстаўнікі ўсіх 44 кампаній-рэзідэнтаў парка.

Наступны прыпынак на шляху "Полымя міру" - на паўночны ўсход ад сталіцы. Тут каманду захавальнікаў агню чакала вялікая група падтрымкі з Лагойска. Свой шлях агонь II Еўрапейскіх гульняў прадоўжыў па цэхах флагмана раёна - вытворца лесанарыхтоўчай тэхнікі ў руках Аляксандра Ягорава - прадстаўніка найбуйнейшага банка краіны і нацыянальнага партнёра кантынентальнага першынства. У працэсе падрыхтоўкі да Гульняў каманда Беларусбанка рэгулярна прымала ўдзел у дружалюбных турнірах праекта Bright Team. І працягвае спонсарскую падтрымку шэрагу спартыўных ініцыятыў.

Завяршыўся дзень на памятным для беларусаў месцы - у мемарыяльным комплексе "Хатынь". Промні спартыўнага агню і агню памяці зліліся ў адно "Полымя міру". Ужо заўтра яго даставяць у культурную сталіцу Мінскай вобласці - горад Маладзечна.