"Полымя міру" сёння сустракалі ў Нясвіжы

12 июня 2019

І зусім хутка ўся краіна будзе жыць атмасферай вялікага спартыўнага свята. Еўрапейскія гульні ўсё бліжэй, праз некалькі дзён "Полымя міру" дабярэцца да фінальнага пункта - стадыёна "Дынама". А пакуль агонь сустракалі ў Нясвіжы.

Аб падзеі, якая аб'ядноўвае, Аляксандра Кавеліч. Літаральна з кожнай хвілінай агонь II Еўрапейскіх гульняў набліжаецца да эпіцэнтра мультыспартыўнага форуму. Сёння эстафету "Полымя міру" падхапіў Нясвіж. На шляху факеланосцаў як ніколі шмат славутасцяў са шматвяковай гісторыяй. Так, спартыўнае падарожжа пачынаецца ля гарадской ратушы - найстарэйшай з тых, што захаваліся ў Беларусі. З калійных шахт і тэрыконаў Салігорска - у адну з галоўных турыстычных лакацый рэгіёна. У гэтую раніцу на вуліцах Нясвіжа асабліва шматлюдна. Каманду факеланосцаў на працягу ўсяго маршруту цёпла сустракаюць мясцовыя жыхары.

Ад цэнтральнай плошчы да Слуцкай брамы (яшчэ адзін помнік архітэктуры). Для Таццяны Цярпіцкай маршрут звыклы. Менавіта ў Нясвіжы чэмпіёнка свету па армрэстлінгу пачынала шлях да вялікіх перамог. А зараз зараджае спартыўнай азартам і сваіх вучняў.

Сярод факеланосцаў і прызёр Алімпійскіх гульняў па грэка-рымскай барацьбе Міхаіл Сямёнаў. Дарэчы, у атмасферу Еўрапейскіх гульняў ён упершыню акунуўся яшчэ 4 гады таму. У месцы, дзе некалькі стагоддзяў таму жылі прадстаўнікі шляхетнага роду Радзівілаў, і эстафету полымя II Еўрапейскіх гульняў сустракаюць па-каралеўску. Частку шляху факеланосцы пераадолелі ў карэце.

А гэта ўжо галоўны пункт маршруту - Нясвіжскі замак. Калісьці тут праводзілі пышныя балі, госці падхоплівалі рытмы паланэза і кружыліся ў вальсе, але сёння, мабыць, упершыню палацава-паркавы комплекс прымае менавіта спартыўнае свята. Тут гасцей сустракалі самі знакамітыя князі. Падчас экскурсіі агонь Еўрапейскіх гульняў пранеслі па залах велічнага палаца. Зноў факелы запаляць заўтра. На карце эстафеты "Полымя міру" з'явяцца новыя гарады: Жодзіна і Барысаў.