"Полымя міру" сёння сустракалі ў Глыбоцкім раёне

27 мая 2019

Тым часам эстафета агню галоўнай спартыўнай падзеі года працягвае ўрачыстае шэсце па Беларусі. Сёння "Полымя міру" сустракалі ў Глыбоцкім раёне. У маршруце адразу некалькі знакавых месцаў, якія адлюстроўваюць гістарычную і культурную спадчыну рэгіёна. Факеланосцы пабывалі ў вёсцы Мосар. Гэта унікальны турыстычны і паломніцкі комплекс з дэндралагічным паркам і знакамітым касцёлам Святой Ганны. А таксама наведалі сам райцэнтр.

Марына Раманоўская - аб запамінальным маршруце.

Першым пунктам у маршруце па Глыбоцкім раёне стала вёска Мосар, якая славіцца дэндралагічным комплексам. Вясна - ідэальны час, каб ацаніць усю прыгажосць. Факеланосцы прабеглі па ўпадабаным маршруце мясцовых жыхароў і турыстаў.

Штогод гэтае маляўнічае месца прыцягвае вернікаў і турыстаў з розных краін свету. Каб пакланіцца мошчам святога Юстыніяна, якія захоўваюцца ў касцёле святой Ганны, шматлікія пераадольваюць тысячы кіламетраў. Таксама Мосар славіцца крыніцамі, вада з якіх лічыцца гаючай. Удзельнікаў эстафеты агню "Полымя міру" сустракалі жывой музыкай, запрасілі ў мясцовы музей. Каларытным свята зрабілі народныя ўмельцы, якія прапанавалі свае працы. Святлана Скавырка валодае вытанчаным майстрэствам роспісу дываноў. Некалькі гадоў назад карціны на тканіне атрымалі статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Сёння ў народнага майстра Беларусі ў руках не фарбы, а сімвал ІІ Еўрапейскіх гульняў.

У самім райцэнтры эстафету сустрэлі на камбінаце па перапрацоўцы малака. Агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў па цэхах пранесла выдатнік адукацыі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Барткевіч. У групе падтрымкі - калегі і вучні. Па алеях дэндрасада, які ў 60-я быў закладзены на ўездзе ў горад, агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў пранеслі ўдзельнікі групы NaviBand. Арцём Лук’яненка гаворыць - гэта вялізная адказнасць. Бо Глыбокае - яго малая радзіма. Заўтра факеланосцаў чакаюць у Бярэзінскім біясферным запаведніку. А завершыцца эстафета агню "Полымя міру" па паўночным рэгіёне краіны ў Оршы.