"Полымя міру" пранеслі па найбуйнейшым у Беларусі прадпрыемстве па перапрацоўцы малака

20 мая 2019

Сімвал ІІ Еўрапейскіх гульняў   "Полымя міру" працягвае свой шлях па Гродзенскай вобласці. Сёння агонь прыбыў у Ваўкавыск.

Удзельнікі эстафеты пранеслі яго па найбуйнейшым прадпрыемстве па перапрацоўцы малака "Беллакт". Гэта адзін з вядучых  вытворцаў дзіцячага харчавання  на тэрыторыі СНД, а таксама ў ліку  лідараў сярод беларускіх прадпрыемстваў па выпуску натуральнамалочнай прадукцыі. Акрамя таго, Беллакт пастаўляе прадукцыю больш чым у  20 краін свету, сярод якіх і стратэгічны партнёр Беларусі - Кітай.

Ілля Карагодаў, начальнік аддзела ААТ "Беллакт": "Для нашай кампаніі вялікі гонар прыняць удзельнікаў міжнароднай эстафеты "Полымя міру". Бо  Беллакт -  гэта прадпрыемства, якое заўсёды выступае за актыўнае развіццё міжнародных сувязяў, за рэалізацыю міжнародных праектаў. І ад  нашага працоўнага калектыву я рады павітаць дадзенае міжнароднае мерапрыемства. Жадаю поспехаў".

Затым агонь паднялі на Замкавую гару. Паводле  легенды, менавіта тут у Сярэднявеччы стаяў замак. Гэтае месца і зараз  лічыцца самым высокім пунктам Ваўкавыска. 

Яўген Каралёк, чэмпіён свету па веласпорце: "Вельмі прыемна тут знаходзіцца.  Адчуванні ад полымя міру,  што пранёс,  невымоўныя. Застанецца ў памяці на ўсё жыццё.  Для мяне вялікі гонар. Гэтыя эмоцыі аналагічныя, калі перамагаеш на вялікіх спаборніцтвах".

Ужо заўтра "Полымя міру"  трапіць у Мірскі замак, а далей пройдзе ў Навагрудак.