"Полымя міру" працягвае падарожжа па Беларусі

2 июня 2019

"Полымя міру" ўсё бліжэй да сталіцы II Еўрапейскіх гульняў. Галоўная спартыўная падзея года стартуе на алімпійскім стадыёне "Дынама" ўжо праз 19 дзён. А пакуль факел спаборніцтваў працягвае сваё падарожжа па Беларусі. На гэтым тыдні эстафету агню падхапіла Магілёўская вобласць, перадавала Віцебская, дзе апошні прыпынак быў у Оршы. З абласнога цэнтра факеланосцы адправіліся ў Шклоў і аграгарадок Александрыю, затым у Горкі. І вось сёння агонь дабраўся да Слаўгарадскага раёна. "Полымя міру" пабывала на гідралагічным помніку рэспубліканскага значэння "Блакітная крыніца", мемарыяле воінскай славы "Лудчыцкая вышыня" і Чыгірынскім вадасховішчы. А крыху раней у аграгарадку Александрыя агонь пранеслі па цэнтральнай вуліцы і даставілі ў школу, у якой вучыўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Сімвалічна, што факеланосцамі сталі людзі, якія працуюць побач з Кіраўніком дзяржавы, знакамітыя спартсмены і тыя, хто бярэ непасрэдны ўдзел у арганізацыі II Еўрапейскіх гульняў: кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын, зорны пасол II Еўрапейскіх гульняў "Міс Беларусь - 2018" Марыя Васілевіч, а таксама прызёр Алімпійскіх гульняў па мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч.

Фінальнымі пунктамі ў маршруце эстафеты па Магілёўскай вобласці стануць Бабруйск і Бабруйскі раён, адкуль "Полымя міру" адправіцца ў Гомельскую вобласць. Тут яго чакаюць 5 чэрвеня. 11 чысла эстафету падхопіць Мінская вобласць, у сталіцу факел прыбудзе 17-га. Усяго ж з моманту запальвання ў Рыме агонь пераадолее да стадыёна "Дынама" 7 700 кіламетраў.