"Полымя міру" завяршае свой шлях па Магілёўскай вобласці

4 июня 2019
"Полымя міру" ўсё бліжэй да фінальнага пункта прызначэння - стадыёна "Дынама". Агонь II Еўрапейскіх гульняў завяршае свой шлях па Магілёўскай вобласці, далей курс на Гомельскі рэгіён. Дзе сёння сустракалі эстафету - убачыў Аляксандр Лучонак. 

Зефірная сталіца Беларусі сёння сустракала "Полымя міру" па-сапраўднаму  салодка. Агонь пранеслі па цэхах найстарэйшага прадпрыемства - вытворцы кандытарскіх вырабаў. 

Тут эстафету прыняў той, хто доўгі час прытрымліваўся строгай дыеты. Залог паспяховай кар'еры і добрай спартыўнай формы ў правільным харчаванні, але сёння, расказвае чэмпіён свету па гіравым спорце Сяргей Новікаў, парадаваць сябе змог не толькі прыемным момантам.

Далей з імгненнай хуткасцю сімвалічны агонь накіраваўся ў бок прадпрыемства па выпуску шын. Гэта найбуйнейшы такі завод у краіне. Імклівымі тэмпамі тут развіваецца і вытворчасць - вырабляецца больш за 300 відаў вырабаў для легкавых, грузавых машын і нават для аўтавеліканаў. Калясіць пад маркай "Зроблена ў Бабруйску" і электратранспарт. Тут сімвал II Еўрапейскіх гульняў пранеслі супрацоўнікі прадпрыемства Валерый Салавянчык і Васіль Кароткін. 

Далей дарога полымя ўзяла ўжо сельскагаспадарчы курс. На адным з самых буйных беларускіх СВК агонь сустрэлі свежым хлебам. Апошнім факеланосцам у Магілёўскай вобласці стаў Вячаслаў Харанека. Каму як не яму ведаць усё пра магію лічбы адзін. Рэкардсмен у  падыманні гір сёння замахнуўся не толькі на рэкордную дыстанцыю ў вышыню, але і перамог уласны страх. 

Сельгаскомплекс стаў фінальным пунктам падарожжа агню па Магілёўскай вобласці. 

Вось такімі словамі сёння праводзілі сімвалічны агонь у Гомельскі рэгіён. Там яго першым сустрэне абласны цэнтр. Урачыстая цырымонія пройдзе ля Лядовага палаца. Факеланосцы наведаюць кандытарскую фабрыку, дзяржаўны цырк, паднімуцца і на назіральную вежу палацава-паркавага ансамбля. Дарэчы, саму Гомельскую вобласць на топ-турніры прадставяць 35 атлетаў.