Песняй для цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў стала кампазіцыя Winners

18 октября 2018

Сталі вядомыя вынікі конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Лідарам галасавання журы і тэлегледачоў стала кампазіцыя Winners Леаніда і Аляксея Шырыных.

Нагадаем, па выніках праслухоўвання ў Белдзяржфілармоніі ў фінале конкурсу аказаліся 5 песень на тэму яднання народаў, мірнага спартыўнага спаборніцтва і гасціннасці нашай краіны. Сваё меркаванне можна было выказаць на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі. Апошняе слова ў выбары музычнай кульмінацыі міжнароднага спартыўнага форуму было за прафесіяналамі. Экспертамі выступілі кампазітар і народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, а таксама выканаўцы, прадстаўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Міністэрства культуры і спорту.

Да II Еўрапейскіх гульняў застаецца 246 дзён. У чэрвені ў Мінск прыедуць больш як 4 тысячы спартсменаў з 50 краін. За 10 дзён спартсмены разыграюць 200 камплектаў медалёў.