Першы этап Кубка свету па веласпорце на трэку працягваецца ў Мінску

2 Лістапада 2019
Першы ў алімпійскім сезоне этап Кубка свету па веласпорце на трэку працягваецца ў Мінску. Напярэдадні гаспадары заваявалі першую ўзнагароду на веладроме "Мінск-Арэны". Двухразовая медалістка нядаўняга чэмпіянату Еўропы Таццяна Шаракова ўзяла бронзу ў адной са сваіх каронных дысцыплін - гонцы па ачках. Сёння ж у першую чаргу сочым за выступленнем лідара мужчынскай каманды Яўгена Каралька ў скрэтчы. Ён - чэмпіён свету ў гэтай дысцыпліне. І ў гэтыя хвіліны беларус спрабуе кваліфікавацца ў фінал у гэтым відзе праграмы. Ці атрымаецца гэта зрабіць, можна даведацца з прамой трансляцыі, якую вядзе "Беларусь 5". Фінал у скрэтчы пачнецца ў 14:13. Акрамя таго, у рамках ранішняй праграмы Арцём Зайцаў выйдзе на старт мужчынскага кейрына. У вячэрняй сесіі будзем хварэць за беларусаў у жаночым мэдысане і мужчынскім омніуме - абедзве дысцыпліны з'яўляюцца алімпійскімі.