Першы дзень Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане прынёс зборнай Беларусі чатыры медалі - усе ў біятлоне

10 марта 2018

Першы спаборніцкі дзень Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане прынёс зборнай Беларусі чатыры медалі - усе ў біятлоне.

Дзмітрый Лобан фінішаваў другім у спрынтарскай гонцы на сем з паловай кіламетраў сярод спартсменаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату, а Лідзія Графеева ў аналагічнай жаночай дысцыпліне выйграла бронзу. Яшчэ адно серабро ў спрынце сярод біятланістаў з парушэннем зроку на рахунку Юрыя Голуба, а бронза ў Святланы Саханенкі. У медальным заліку пасля першага дня спаборніцтваў зборная Беларусі займае 9-е месца.

А напярэдадні ў Пхёнчхане прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Паралімпіяды. У парадзе ўдзельнічала рэкордная колькасць краін - 49, у тым ліку і зборная Беларусі, флаганосцам якой стала Людміла Валчок. Нагадаем, усяго ў Пхёнчхан адправіліся 14 беларускіх спартсменаў, якія выступяць у дзвюх дысцыплінах - лыжных гонках і біятлоне.