Першае золата ў скарбонку Беларусі на II Еўрапейскіх гульнях прынеслі спартыўныя акрабаткі

22 июня 2019

Першы медаль вышэйшай пробы ў скарбонку Беларусі сёння заваявалі нашы прыгажуні, акрабаткі Вераніка Набокіна, Юлія Івончык, Карына Сандовіч. З залатой узнагародай дзяўчат павіншаваў Прэзідэнт.

"Дзякую за моцныя і незабыўныя эмоцыі, падораныя гэтай прыгожай і ўпэўненай перамогай. Першыя поспехі нашых спартсменаў, і асабліва ваша золата, - выдатны падарунак для ўсіх беларусаў і яркі пачатак Еўрапейскіх гульняў", - гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў спартсменкам і ўсяму трэнерскаму штабу моцнага здароўя і новых дасягненняў.

Апроч золата ў балансавых практыкаваннях наша жаночае трыа выйграла і бронзу ў дынамічных. Але і на гэтым беларускія акрабаты не спыніліся. Яшчэ два медалі ў скарбонку нашай зборнай прынеслі Артур Белякоў і Вольга Мельнік. Беларускі дуэт стаў чэмпіёнам у балансавых практыкаваннях і бронзавым прызёрам у дынамічных. З выдатным выступленнем спартсменаў таксама павіншаваў Кіраўнік дзяржавы.

На працягу ўсяго спаборніцкага дня ў выязной студыі Агенцтва тэленавін на "Мінск-Арэне" працавала Крысціна Камыш (прамое ўключэнне). На нашу акрабатыку трэба было ўскладаць медальныя надзеі. На I Еўрапейскіх гульнях у Баку беларускі крыху ў іншым складзе, чым сёння, тройчы ўзялі бронзу. Тады жаночая група зусім няшмат саступіла саперніцам з Бельгіі. Вераніка Набокіна, Юлія Івончык і Карына Сандовіч рыхтаваліся ўзяць рэванш. І ён ёсць. За балансавае практыкаванне трыа атрымала ад суддзяў 29,520 бала. Гэта золата! Прычым першае для ўсёй нацыянальнай каманды. Давайце паглядзім, як гэта было.

Дарэчы, бельгійкі ў балансе сталі другімі. А трэція - каманда Партугаліі. Не падвялі Вераніка Набокіна, Юлія Івончык і Карына Сандовіч і ў дынаміцы - трэцяя прыступка п'едэстала. Два камплекты медалёў разыгралі і змяшаныя пары. Гамяльчанін Артур Белякоў і брастаўчанка Вольга Мельнік сталі трэцімі ў дынамічным практыкаванні. А ў балансавым - першымі.

У нашай студыі прысутнічае галоўны трэнер зборнай Беларусі па спартыўнай акрабатыцы Анжэла Янусік (відэа).

Верым у поспех беларускай спартыўнай акрабатыкі. Гэта было інтэрв'ю з галоўным трэнерам нашай зборнай, якая сёння заваявала 4 медалі. Хацелася б нагадаць, што ў нядзелю спаборніцтва ў камбінаваных практыкаваннях стартуе на "Мінск-Арэне" ў 16:00. І мы, вядома, будзем сачыць за развіццём падзей.