Першая школа па кіберспорце адкрылася ў Беларусі

16 октября 2016

Зараз тут вывучаюць 3 камп'ютарныя гульні. А таксама праходзяць семінары па ўменні працаваць у камандзе і ўрокі па кантролі сваіх эмоцый. У кібершколе ўжо 300 вучняў і нават ёсць адна вучаніца.

Расказвае Юлія Грызунт.

Самаму малодшаму вучню тут 12, старэйшаму - 28. Але ні ўзрост, ні гульнявы стаж не вызначаюць, хто стане капітанам каманды. World of tanks, Dota 2, Counter-Strike - кожны ўзровень або раўнд - праца 5 гульцоў. У гэтай камандзе за галоўнага Яўген Пляшко. Выкладчык признаецца: вучань складаны, нягледзячы на гэта, у свае 20 гадоў лепш за астатніх ён умее генераваць 5 ідэй у адну - самую, часам, незвычайную, але часцей за ўсё максімальна дакладную.

Як і ў любой іншай школе тут ёсць хатнія заданні. Прычым, камп'ютар для іх патрэбен не заўсёды. Напрыклад, у Counter-Strike кожная стратэгія спачатку прапрацоўваецца на паперы.

Кожнае заданне існуе і ў афлайн-фармаце. Вось - карта гульні. У кожнай камандзе 5 чалавек, двое знаходзяцца тут і яшчэ трое тут. Ім трэба цалкам ізаляваць гэтую частку карты, пры гэтым ліквідаваць двух снайпераў. І ўсім адначасова апынуцца ў пункце Б, тады і пачнецца наступны раўнд. Каб прайсці такое заданне, карту трэба ведаць літаральна на памяць. Бо на адзін раўнд даецца ўсяго 2 хвіліны.

Тысячы падобных раўндаў, стратэгій, карт, а далей гульня можа стаць добрай прафесіяй. Толькі ўнутры школы кожныя тры месяцы будзе праводзіцца турнір сярод гульцоў Dota 2 і Counter-Strike, прызавы фонд - 2500 долараў. Каб атрымаць іх, недастаткова добра гуляць. На кожны занятак за камп'ютарам прыходзіцца лекцыя аб тым, як стрымліваць свае эмоцыі падчас гульні. Акрамя таго, тут пастаянныя трэнінгі па працы ў камандзе.

Першая ліга кіберспартсменаў з'явілася ў ЗША у 1997 годзе. З тых часоў ідуць спрэчкі аб тым - ці можна назваць камп'ютарную гульню паўнапраўным відам спорту. Сёння ў гульцоў ужо ёсць свае куміры і нават свой аналаг Алімпійскіх гульняў. Дарэчы, білеты на падобныя спаборніцтвы звычайна знікаюць з кас літаральна праз тыдзень пасля з'яўлення.