У Раўбічах прайшла першая гонка чэмпіянату Еўропы

26 февраля 2020
У Раўбічах прайшла першая гонка чэмпіянату Еўропы. І адразу трое беларускіх біятланістаў прабіліся ў фінал суперспрынту, а гэта 30 лепшых спартсменаў не толькі Еўропы, але і свету. У кантынентальным форуме прымаюць удзел 40 каманд. Падчас кваліфікацыйных гонак у Раўбічы прыехала нямала балельшчыкаў. 

Там жа працуе наша здымачная група і наш спартыўны аглядальнік Андрэй Казлоў. Андрэй, добры дзень. Чакаем усе падрабязнасці.

Першыя гонкі чэмпіянату Еўропы па біятлоне стартавалі ў Раўбічах 


Першы прамы эфір з Раўбіч у рамках чэмпіянату Еўропы па біятлоне - 2020. Дзіўна, але прайшоў роўна год, як мы правялі папярэдні кантынентальны форум, а ўражанні па-ранейшаму свежыя. Але на парадку дня - старт вялікага біятлоннага свята. І вось такое сонечнае надвор'е, як вы бачыце, яму не перашкодзіць.

Адразу паведамлю пра вынікі кваліфікацыі мужчынскага суперспрынту, а затым вярнуся да іншых навін. Прыкметная падзея - з лепшым часам у топ-30 прабіўся беларус Антон Смольскі. Нагадаем, ён патрапіў на нядаўнім чэмпіянаце свету ў топ-15. З трэцім часам у фінале мы ўбачым Віктара Крыўко. Сяргей Бачарнікаў паказаў 17-ты вынік.

У гэтыя хвіліны пачынаюцца кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў суперспрынце ў дзяўчат. Зборная Беларусі і тут выставіла максімальна баявы склад.

Нагадаем, што фінал у мужчын у 17:30. У дзяўчат у 18 гадзін. Для тых жа, хто плануе паглядзець біятлон ужывую, а не ў трансляцыі на тэлеканале "Беларусь 5", адзначым, што ездзяць хуткасныя аўтобусы, з раскладам якіх можаце азнаёміцца на сайце Мінсктранса. І ў цэлым зважаю, што і паміж гонкамі кожны можа цікава прабавіць час: фудкорты і зоны забавак чакаюць сваіх гасцей.