Парк маладзёжных субкультур з'явіцца ў Мінску

15 июня 2014

У кожным раёне ўзвядуць пляцоўкі для трэніровак паркурыстаў, варкаўтараў і скейтбардыстаў. Новыя маладзёжныя рухі становяцца ўсё больш папулярнымі. Падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Аляксея Немава.



Брусы і турнікі хударлявая Вольга раней заўсёды абыходзіла бокам. Яе больш вабіў баскетбол і валейбол. На спартыўную пляцоўку яе прывялі сябры. Зараз Вольга - пачатковец-варкаўтар. Вулічная гімнастыка прыйшлася ёй па душы.


Сонейка, Гарызонт, Флажок - усе гэтыя элементы варкаўтары робяць з лёгкасцю. У Мінску вулічныя гімнасты збіраюцца на трэніроўкі некалькі разоў на тыдзень. Прычым, незалежна ад надвор'я. Пачаткоўцы адточваюць майстэрства пад наглядам больш вопытных спартсменаў.


Варкаўт яшчэ называюць фітнесам гарадскіх вуліц. Для яго не трэба спецыяльных залаў і трэнажораў. Турнікі і брусы ёсць у кожным двары. Некалькі трэніровак і вы ўжо можаце зрабіць некалькі простых элементаў.


Першыя варкаўтары з'явіліся ў Беларусі 5 гадоў таму. Дваровыя кампаніі аб'ядналіся ў вялікія групы, якія зараз штогод праводзяць у сталіцы сустрэчы вулічных спартсменаў. Чарговая запланавана на жнівень.


Варкаўт - стартавая пляцоўка і для многіх відаў спорту. Умацаваўшы свае мышцы тут, хлопцы і дзяўчаты пераходзяць у бокс, гімнастыку і лёгкую атлетыку. І наадварот, ужо вопытныя спартсмены не выпускаюць магчымасці павісець на дваровых турніках.


Праз тыдзень цэнтрам варкаўта стане Гомель. Наймацнейшыя спартсмены краіны пазмагаюцца за пуцёўку на чэмпіянат свету. У ліпені ён пройдзе ў Маскве.