Парашутысты Беларусі і Расіі спаборнічаюць у Гродне

21 мая 2018

Больш за 100 лепшых парашутыстаў Беларусі і Расіі спаборнічаюць у Гродне ў гэтыя хвіліны ў прызямленні на дакладнасць і паветранай акрабатыцы. На мясцовым аэрадроме стартаваў адкрыты чэмпіянат Узброеных Сіл нашай краіны і абласны Кубак па парашутным спорце. Удзел у турніры прымаюць 16 каманд, у склад якіх уваходзяць як майстры спорту міжнароднага класа і чэмпіёны свету, так і спартсмены-пачаткоўцы. Выступае і зборная Паветрана-дэсантных войскаў Расіі. Ва ўсіх дысцыплінах будуць сапернічаць як мужчынскія, так і жаночыя каманды. Прызёраў вызначаць асобна сярод вайскоўцаў і цывільных спартсменаў.

Святлана Кашчэева, член жаночай каманды Гродзенскай вобласці па парашутным спорце: "Хочам выступіць годна, паколькі спаборніцтвы на нашай базе праходзяць. Падтрымаць імідж нашага аэраклуба. Цяжка змагацца з такімі масцітымі спартсменамі, але мы будзем спрабаваць".

Канстанцін Царык, дырэктар Гродзенскага абласнога аэраклуба: "Ідуць спаборніцтвы па індывідуальнай акрабатыцы. Вышыня скачка - 2200 метраў. Прылятае верталёт МІ-8, мы будзем працаваць на дакладнасць прызямлення. Усе будуць працаваць на адзнацы 0. Дыяметр дыска - 2 сантыметры. Хто найбольш дакладна патрапіць у суме ўсіх скачкоў - і вызначыцца пераможца".

Спаборніцтвы ў Гродне - гэта чарговы этап падрыхтоўкі нацыянальных спартсменаў-парашутыстаў да міжнародных стартаў. Дарэчы, менавіта беларусы і расіяне - асноўныя канкурэнты на чэмпіянатах свету па парашутным спорце. Наблізіцца да лідараў па майстэрстве апошнія гады атрымалася толькі парашутыстам з Кітая.