Прыпынкам факеланосцаў II Еўрапейскіх гульняў стаў завод "БелДжы"

13 июня 2019

Эстафета "Полымя міру" ўсё бліжэй да сталіцы. Сёння трэці дзень маршруту па Мінскай вобласці.

З  раніцы агонь пабываў на полі "Барысаў-Арэны". Стаметроўкі з факелам у руках  па чарзе прабеглі вядомыя футбалісты Аляксей Бага, Андрэй Хачатуран, а таксама Аляксандр Глеб. Да іх далучыўся і ўраджэнец Барысава шоумен  Вадзім Галыгін. Эстафета стала адначасова і вялікім святам для мясцовых дзяцей. Факеланосцы правялі  для іх майстар-клас па футболе.

Затым эстафета прадоўжылася ў Жодзіне  на БелАЗе. Факеланосцаў  узялі на борт самыя вялікія кар'ерныя самазвалы, сярод якіх і 450-тоннік. Гэта  адзін з самых відовішчных момантаў падарожжа агню. 

Сярод факеланосцаў  і алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках 2008 года ў Пекіне Аляксей Абалмасаў. Ён замыкаў эстафету па тэрыторыі машынабудаўнічага гіганта.

Апошнім на сёння прыпынкам факеланосцаў стаў завод "БелДжы". Удзельнікі эстафеты не проста пранеслі агонь II Еўрапейскіх гульняў, а  правялі тэст-драйв новых мадэляў аўто.