Яны рыхтуюць свае вёслы да вялікага падарожжа па шляху “З варагаў у грэкі”

22 августа 2015

Кожныя выхадныя дзясяткі жыхароў Мінскай вобласці сплаўляюцца па рэках на байдарках. Такі клуб аматараў воднага адпачынку стварыў мінчанін Аляксей Горбікаў. Зараз сезон сплаваў у разгары і працягнецца да першых маразоў. Як правільна веславаць і кіраваць лодкай – даведалася Таццяна Нікіціна.

Ён і ў горы забярэцца, і не заблудзіць ў лесе. Аляксей - экстрэмал са стажам. А водным спортам захапіўся чатыры гады таму. Сабраў каманду аднадумцаў і адправіўся ў падарожжа на байдарках.

Арганізоўваць такія паходы вандроўнікі імкнуцца кожныя выхадныя. За два дні праходзяць каля 40 кіламетраў. Сезон доўжыцца да халадоў – пакуль рэкі не пачнуць замярзаць.

Спускаць байдаркі на ваду забаронена ў перыяд нерасту і падчас пажаранебяспечнай сітуацыі ў лясах. У такі час ад сплаваў прыйдзецца адмовіцца.

Каб кіраваць байдаркай, спецыяльныя веды не патрэбныя. Праз некалькі хвілін на вадзе пачатковец зможа веславаць і кіраваць лодкай. У хвіліну трэба рабіць 20-40 рытмічных рухаў вяслом. Тут, вядома, усё залежыць ад складанасці ўчастку ракі.

Паход на байдараках - гэта не проста сплаў, але і начлег на беразе ў палатках. І тут байдарачнікі спрабуюць прытрымлівацца асноўнага прынцыпу: не нашкодзь. Яны упэўненыя, што сапраўдны турыст забірае з сабой больш смецця, чым прыносіць.

Звілістыя рэкі Мінскай вобласці засумаваць не дазваляюць: тут трэба і пераадольваць завалы, і праходзіць стромкія павароты. А часам ісці пешшу. Калі, напрыклад, трапілі на мелкаводдзе.

У верасні аматары воднага адпачынку плануюць адправіцца ў гістарычнае падарожжа - прайсці частку шляху “З варагаў у грэкі”.