Алімпійскі біятлонны сезон стартаваў у нямецкім Аберхофе

7 января 2018

Зразумела, што зараз кожная гонка для біятланістаў - гэта своеасаблівая рэпетыцыя перад галоўным стартам чатырохгоддзя. Але з дакладнасцю прадказаць, хто ж пяройдзе з цяперашняга п'едэстала на алімпійскі, не бярэцца ніхто. Ужо вельмі непрадказальныя Алімпійскія гульні! І як ніколі вялікі пул спартсменаў, якія маюць шанцы заваяваць медалі.

Мы асабліва сочым за выступленнямі нашых - трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай, прызёра сочынскай Алімпіяды Надзеі Скардзіны. А яшчэ ў гэтым сезоне на п'едэстал Кубка свету паднімалася Ірына Крыўко.

У Германіі біятлон любяць мільёны балельшчыкаў. Да мясцовых зараз далучаюцца тысячы фанатаў з розных краін, сярод іх і беларусы. Наш карэспандэнт Ганна Эйсмант працавала ўвесь спаборніцкі тыдзень у Аберхофе і таксама прасякнулася духам біятлоннага руху. Глядзіце наш эксклюзіў.

Біятлон для мясцовых балельшчыкаў - гэта больш чым спорт, гэта амаль рэлігія! Ужо за некалькі месяцаў усе гатэлі ў маленькім гарадку Аберхоф былі раскупленыя, білеты на стадыён "Скі-Арэна", бадай, таксама. Гэта прыкметна па вялізнай колькасці балельшчыкаў, якія кожны спаборніцкі дзень, а іх на этапе Кубка свету было 4, ужо з самай раніцы стройнымі радамі ішлі на біятлон. Некаторыя ўсё ж вырашалі пераадольваць адлегласць ад гарадка да стадыёна, а гэта дзесьці пару кіламетраў, на аўтобусе. Вось толькі для гэтага неабходна было выстаяць вялізную чаргу.

А затым шчаслівыя і цяпло апранутыя балельшчыкі стаялі такую ж вялізную чаргу на ўваход на стадыён.

Але такое непастаяннае надвор'е - зусім не перашкода для сапраўдных фанатаў. Тым больш што арганізатары пастараліся зрабіць усё, каб балельшчыкі змаглі і смачна паесці, і сагрэцца цёплымі напоямі. Для кожнага ўзросту свае напоі, вядома. І, зразумела, як жа без музычнага суправаджэння.

Дарэчы, этап у Аберхофе - адзін з самых дарагіх. Па-першае, спаборніцтвы выпадаюць на навагоднія канікулы, таму тут так шмат дарослых з дзецьмі. Па-другое, Аберхоф - гэта Мека зімовага спорту Германіі, так што ахвочым акунуцца ў гэтую непаўторную атмасферу прыйдзецца раскашэліцца. Але гэта мала каго палохае.

Гэтыя балельшчыкі з Расіі апынуліся сапраўднымі прыхільнікамі нашай Дар'і Домрачавай. Ім паўтарае і самы знакаміты біятлонны балельшчык у свеце Норберт Штарке.

Нашу Дашу тут сапраўды любяць. Пасля гонкі праследавання, у якой 2 крыўдныя промахі пакінулі Дар'ю без п'едэстала, у выніку 6 месца, балельшчыкі доўга не жадалі адпускаць. І трэба аддаць належнае спартсменцы, яна імкнулася надаць усім увагу. А шматлікія балельшчыкі дзеля такіх момантаў і прыязджаюць на турніры.

Пасля кветкавай цырымоніі Дар'я Домрачава знаходзілася ў выдатным настроі, а значыць - усё ў яе ідзе па плане. А мэта і так зразумелая - Алімпійскія гульні!

Да Алімпіяды ў Пхёнчхане яшчэ два этапы Кубка свету, а пакуль верныя прыхільнікі лідара беларускай зборнай успамінаюць трыумф Дар'і ў Сочы.

Пакуль адны балельшчыкі з задавальненнем дэманструюць эксклюзіўныя аўтографы, другія знаходзяць сапраўдных сяброў і нават асабістае шчасце. Як гэтая мілая дзяўчынаа, якая ў прысутнасці 15 тысяч гледачоў на стадыёне атрымала прапанову рукі і сэрца.

І, тым не менш, этап Кубка свету па біятлоне ў Аберхофе, вядома, у першую чаргу спартыўнае свята з вялікім традыцыямі, з культурай хварэння на стадыёне, і нават сапраўднае касцюмаванае шоу, у якім абсалютна ўсе пераможцы!