"Алімпійская віза". Месца будучых стартаў - Пхёнчхан

15 января 2018

Беларусы заваявалі 24 алімпійскія ліцэнзіі на Гульні ў Паўднёвую Карэю, і гэта прамежкавая лічба. Чакаецца, што па выніках адборачных спаборніцтваў наша краіна зможа камандзіраваць 28 атлетаў па шасці відах спорту, а ўсяго ж беларуская дэлегацыя ў Пхёнчхане складзе каля 60 чалавек. Алімпіяда пройдзе ў Азіі, і гэты факт стане дадатковай праблемай для атлетаў з Еўропы. У Паўднёвай Карэі нават структура снегу адрозніваецца ад звыклай нам. Біятлон, фрыстайл, хакей, скачкі з трампліна і іншыя віды будуць паказваць на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Агенцтва тэленавін прапануе новую рубрыку ў "Панараме" - "Алімпійская віза". Як спорт ператвараецца ў сапраўднае мастацтва: нюансы барацьбы за алімпійскае золата. Усё, чым мы заўсёды ганарыліся, і тое, аб чым мы нават не здагадваліся. Энцыклапедычна рознабаковы праект, прысвечаны Алімпіядзе. Сёння распавядзем пра месца будучых стартаў.

Расказвае Мікалай Стула.

Сталіца зімовай Алімпіяды - Пхёнчхан - знаходзіцца ў гарах, за 180 кіламетраў ад сталіцы Паўднёвай Карэі - 10-мільённага Сеула. Пхёнчхан размешчаны на вышыні 600 метраў над узроўнем мора і вядомы перш за ўсё як гарналыжны курорт, вакол якога пабудавалі астатнія алімпійскія аб'екты. Адзначым: азіяты пакарылі Міжнародны алімпійскі камітэт сваёй настойлівасцю - права стаць гаспадарамі Гульняў паўднёвакарэйцы атрымалі толькі з трэцяга разу.

У Паўднёвай Карэі жывуць больш за 50 мільёнаў чалавек, а алімпійская сталіца найбліжэйшых стартаў нагадвае невялікі беларускі райцэнтр - усяго 43 тысячы жыхароў. Хаця краіна з'яўляецца адной з самых густанаселеных, у Пхёнчхане за кошт гарыстай мясцовасці хапае прасторы. Тут пераважае мусонны тып клімату, гэта значыць зімой тэмпература не ніжэйшая за 10 градусаў, з нячастымі ападкамі. Важная інфармацыя для ўдзельнікаў спаборніцтваў на адкрытым паветры: снег усюды штучны.

Кім Джо Сон гатовы пра сваю радзіму распавядаць гадзінамі. Ён вучыцца на хімічным факультэце БДУ. Сёння на заняткі прыйшоў у тым самым пухавіку з дэвізам Гульняў Passion. Connected. Падарунак з радзімы. Гаворыць: дэвіз абазначае супольнасць людзей, звязаных агульнай страсцю да зімовых відаў спорту. Дом Кіма ўсяго за 100 кіламетраў ад Пхёнчхана. Упэўнены: гасцям спадабаецца.

Медалі карэйскай Алімпіяды стануць самымі цяжкімі па вазе за ўсю гісторыю сучасных Гульняў. Золата - 586 грамаў, серабро важыць 580 грамаў, бронза - 493 грамы. У дызайне прысутнічае шрыфт хангыль - карэйскі алфавіт як аснова мясцовай культуры. Дыяганальныя лініі на аверсе ўвасабляюць гісторыю Гульняў, а на адваротным боку адлюстравана спартыўная дысцыпліна. Усяго з 9 па 25 лютага 2018 года будзе разыграна 99 камплектаў узнагарод у 15-ці відах спорту.

Пхёнчхан - шматфункцыянальны гарналыжны курорт, дзе размешчаны лыжны комплекс "Альпензія", біятлонны комплекс, гарналыжны цэнтр "Ёнпхен" і стадыён "Чунбон", цэнтр для скачкоў з трампліна, парк для сноўборда і фрыстайла "Пугван Фенікс Парк", нядаўна пабудавалі саначна-бабслейную трасу.

Пры выбары тыгра Сухарана ў якасці талісмана арганізацыйны камітэт выбраў жывёліну, цесна звязаную з карэйскай міфалогіяй і культурай. Тыгр у мясцовых казках - сімвал даверу, сілы і абароны. Азіяцкі чорны мядзведзь Бандабі сімвалізуе моцную сілу волі і мужнасць.

Традыцыйна Алімпійскія гульні ў сваіх мэтах выкарыстоўваюць і палітыкі. Пхёнчхан размяшчаецца ля межаў з КНДР. Як вядома, паўднёвая і паўночныя часткі Карэйскага паўвострава працяглы час канфліктуюць. Усё настолькі сур'ёзна, што Генасамблея ААН заклікала краіны да перамір'я на час Алімпіяды-2018. Плануецца, што калідор алімпійскага перамір'я адкрываецца за сем дзён да старту і прадоўжыцца яшчэ тыдзень пасля таго, як Гульні завершацца.

На Алімпійскіх гульнях будуць прадстаўлены 84 краіны. Упершыню ў гісторыі зімовых Гульняў прымуць удзел дзве новыя дзяржавы: Эрытрэя і Косава. Экзотыкі хопіць. Напрыклад, нігерыйскія бабслеісткі. У мінулым дзяўчаты займаліся лёгкай атлетыкай. Яны спадзяюцца стаць самымі паспяховымі афрыканскімі спартсменкамі ў гісторыі. Для гэтага ім трэба пабіць рэкорд фігурыстаў з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якія сталі 13-мі ў спаборніцтвах пар у 1960 годзе.