Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова і ўся каманда фрыстайлістаў рэйсам з Абу-Дабі вярнулася на радзіму.
Сустракаць нашых лыжных акрабатаў у Нацыянальны аэрапорт Мінск прыехалі каля двухсот балельшчыкаў, сярод іх родныя і блізкія спартсменаў і трэнераў, сябры і самыя юныя фрыстайлісты, якія падрыхтавалі для сваіх куміраў плакаты з прывітаннямі і пажаданнямі.
На радзіму каманда вярнулася з супярэчлівымі пачуццямі. Бо акрамя золата Ганны Гуськовай, шанц пазмагацца за медаль у Антона Кушніра выкралі суддзі. У планах федэрацыі сёння зрабіць усё магчымае, каб на найбліжэйшых буйных міжнародных стартах, у тым ліку і Алімпійскіх гульнях, сярод прадстаўнікоў рэферы былі і беларускія спецыялісты. На месцы ў Пхёнчхане пасля кваліфікацыі было зроблена ўсё магчымае, каб змяніць вынік. Аднак гэтага не адбылося.
Наперадзе ў фрыстайлістаў ёсць некалькі дзён на адпачынак. А вось убачыць практычна ўсіх нашых лыжных акрабатаў і разам з імі пахварэць за нашых маладых спартсменаў можна будзе ў гэтую суботу ў Раўбічах. Тут пройдзе юніёрскі чэмпіянат свету.













