Алімпіяда ў Пекіне: Дзінара Алімбекава стала пятай у індывідуальнай гонцы

7 февраля 2022

Да падзей Алімпіяды. Дзінара Алімбекава да фінішу сваёй дыстанцыі сёння прэтэндавала на медаль Алімпійскіх гульняў у індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў, сыходзячы з чацвёртай агнявой мяжы з адным промахам у пасіве на трэцім месцы, але апошні круг у беларускі не атрымаўся. Як вынік сёння ў алімпійскай чэмпіёнкі Пхёнчхана выніковае пятае месца. Перамагла немка Дэніз Херман. Ірына Лешчанка з чатырма дадатковымі хвілінамі на 41-й пазіцыі, Алена Кручынкіна 48-я, Ганна Сола і зусім на 54-м месцы.  Расчараванню нашых біятланістак не было мяжы. Дзінара ў інтэрв'ю нашаму каналу не здолела стрымаць слёз.

8 лютага мужчынская індывідуальная гонка на 20 км

Спадзяёмся, нашым удасца паказаць сябе ў спрынце 11 лютага, а ўжо заўтра перажываем за нашых хлопцаў і капітана зборнай  Антона Смольскага. Мужчын чакае індывідуальная гонка на 20 кіламетраў. Пачатак у 11:30.

Канькабежны спорт. Кацярына Слоева стала 16-й на дыстанцыі 1500 м

Крыху раней сёння завяршылі сваё выступленне беларускі на алімпійскім авале канькабежнага стадыёна. Сёння тут быў разыграны камплект узнагарод на дыстанцыі 1500 метраў. Мы хваляваліся за Марыну Зуеву і Кацярыну Слоеву. Марына на выніковай 23-й пазіцыі, Кацярына выступіла лепш - у яе 16-е месца.

Пажадаем нашым дзяўчатам поспеху. Прадоўжаць беларускія канькабежцы барацьбу за медалі 10 лютага. У гэты дзень жанчыны разыграюць камплект узнагарод  на дыстанцыі 5 тысяч метраў.