Вольга Мазуронак пятая ў марафоне на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы

28 сентября 2019

Перамог жадаем і нашым лёгкаатлетам у Досе. Там стартаваў чэмпіянат свету. І ўжо першы дзень спаборніцтваў парадаваў. Наша Вольга Мазуронак стала лепшай сярод еўрапейскіх спартсменак на марафонскай дыстанцыі.

З-за спякоты (а там зараз плюс 40) арганізатары перанеслі забег на начны час. Але і такі крок мала чым дапамог спартсменкам. Гэтай ноччу ў Досе 33 градусы і 70 працэнтаў вільготнасці. З сямі дзясяткаў спартсменак, якія стартавалі, да фінішу дабраліся толькі 40. Многія падалі прама на дыстанцыі. Затое фінішную стужку перасеклі ўсе тры нашы беларускі. Вольга Мазуронак у выніку фінішавала пятай. Анастасія Іванова сямнаццатай, а Святлана Кудзеліч трыццаць другой. Перамогу святкавала кенійка Рут Чэпгетыч. Чэмпіянат свету прадоўжыцца да 6 кастрычніка.