Агонь II Еўрапейскіх гульняў спяшаецца да фінішу

15 Чэрвеня 2019

Удзельнікі эстафеты пераадолелі большую частку шляху, падарожнічалі па знакавых аб’ектах 60 населеных пунктаў. Зараз полымя рухаецца па Мінскай вобласці. А на пачатку тыдня “Полымя міру” завяршыла свой шлях па гомельскай зямлі. Факеланосцы прайшлі сотні кіламетраў за 6 дзён. Пабывалі ў нафтавых джунглях, уздымалі агонь на вышынныя пляцоўкі, рухаліся на рэтрааўтамабілях і знакамітых беларускіх камбайнах. Як гэта было, пра гэта наступныя некалькі хвілін рэпартаж Ганны Кавалёвай.

Першым пунктам эстафеты на гомельскай зямлі стаў абласны цэнтр. Старт каля храма спорту - Лядовага палаца. Адсюль рэйс па магістралях горада да прамысловых гігантаў. Агонь пранеслі па смачных цэхах самай вялікай кандытарскай фабрыкі ў краіне і пракацілі на легендарных беларускіх камбайнах.

Полымя Еўрапейскіх гульняў асвяціла і жамчужыну рэгіёна - палацава-паркавы ансамбль. Тут яго пакаталі на каруселях і паднялі на 40-метровую вышыню агляднай вежы. Гучнай падзеяй маршруту сталі ўрачыстасці на галоўнай плошчы Гомеля. Тут жывы калідор па маршруце полымя склалі 8 000 чалавек.

У маршруце таксама Рэчыцкі раён. Тут у 60-я адкрылі першае ў краіне нафтавае радовішча. Факел пранеслі супрацоўнікі Беларуснафты.

На жлобінскай зямлі ўрачыстае запальванне факела адзначылі канцэртам і флешмобамі. Адсюль палымяны рэйс прайшоў па галоўных вуліцах горада да сталёвага сэрца Беларусі - металургічнага завода. Тут маршрут пралягаў праз цэхі прадпрыемства.

Старажытны маёнтак стаў яшчэ адным прыпынкам на шляху да сталіцы. Сядзіба Козел-Паклеўскіх - помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва ХІХ стагоддзя. Летась прызнаная лепшым маёнткам краіны.

Агонь II Еўрапейскіх гульняў пранеслі і па паркавым комплексе, і па інтэр'ерах сядзібы ХІХ стагоддзя. І ўсё пад гукі жывой музыкі.

Дарэчы, канчатковым  пунктам знаходжання агню на гомельскай зямлі стала яшчэ адно гістарычнае месца - адзін з найстарэйшых гарадоў краіны Мазыр. Тут агонь пабываў на некалькіх прадпрыемствах раёна і у самым яго сэрцы - Мазырскім замку. Потым маршрут прадоўжыўся па сучасных вуліцах Мазыра.

Апошнім крокам эстафеты на гомельскай зямлі стала сімвалічная цырымонія перадачы агню Мінскай вобласці. Дарэчы, зараз факеланосцы падарожнічаюць па гарадах сталічнага рэгіёна. У кульмінацыйным пункце – на стадыёне "Дынама" - агонь заззяе 21 чэрвеня, у дзень старту II Еўрапейскіх гульняў. 

 


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя