Агонь II Еўрапейскіх гульняў пабываў у Камянецкім раёне

14 мая 2019
Тут эстафета "Полымя міру" прайшла па знакавых мясцінах: факеланосцы забраліся на самы высокі пункт у Камянцы і зрабілі прабег па Белавежскай пушчы. Падрабязнасці ў рэпартажы Вікторыі Патоні. 

Сэрцы беларусаў працягвае запальваць эстафета агню. Сёння "Полымя міру" пабывала ў Камянецкім раёне. Права прабегчы першай з факелам у руках дасталася легендзе беларускага спорту Кацярыне Карстэн. Беларуска 20 гадоў жыве ў Германіі, але часта бывае і трэніруецца на радзіме. Тытулаванага факеланосца гасцінна віталі жыхары невялікага гарадка, некаторыя не ўпусцілі шанцу сфатаграфавацца з зоркай - двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай па акадэмічным веславанні. Кацярына Карстэн маючаму адбыцца спартыўнаму святу ў Мінску рада і нават сама марыла там паўдзельнічаць. 

Кацярына Карстэн, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні: "Правесці чэмпіянат па нейкім відзе спорту - гэта ўжо вялікае мерапрыемства. А тут Еўрапейскія гульні! Гэта, вядома, для Беларусі вельмі добра".

Ад знакамітай спартсменкі эстафету прыняла наш калега, тэлевядучая Белтэлерадыёкампаніі Вікторыя Сянкевіч. Бег і спорт для журналісткі – лад жыцця. Зрэшты, для прадстаўнікоў СМІ Еўрапейскія гульні - гэта ў першую чаргу праца. Белтэлерадыёкампанія гэтую планетарную падзею асвятляе не менш маштабна.

Вікторыя Сянкевіч, намеснік галоўнага дырэктара Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Мы прадоўжым паказваць гарады, мястэчкі, вёсачкі Беларусі, па якіх пройдзе эстафета. Мне здаецца, гэта добрая магчымасць паказаць беларусам і гасцям нашай краіны ўсю прыгажосць нашай беларускай зямлі, беларускіх людзей. Акрамя таго, у нас ёсць спецыяльныя праекты, многія з іх ужо стартавалі. Белтэлерадыёкампанія нарасціла творчы і тэхнічны патэнцыял, таму абяцаем перадаць усю атмасферу Еўрапейскіх гульняў праз экран".

Факеланосцы пабывалі і ў самым высокім пункце горада - вежы першай паловы XIII стагоддзя. Вышыня слупа 31 метр, таму падняцца на самы верх ды яшчэ і з факелам у руках - задача няпростая.

Камянецкая вежа, бадай, самая вядомая ў нашай краіне. Гэта адзіны ў Беларусі абарончы слуп, які захаваўся да нашых дзён з часоў Сярэдневякоўя. За сем стагоддзяў вежа бачыла многае, а яе трывалыя сцены ператварыліся ў непарушны камень. Зараз тут размяшчаецца музей, які штогод наведваюць каля 20 тысяч турыстаў. А з вяршыні вежы адкрываецца выдатны від на горад і наваколлі.   

Наступны этап эстафеты - зялёныя дэкарацыі. Дзіўны старажытны лес, самы вялікі ў Цэнтральнай Еўропе. Па Белавежскай пушчы агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў правезлі на экалагічна чыстым транспарце: спачатку на веласіпедзе, затым у брычцы. Перадача эстафеты ў рукі заслужанага лесавода Беларусі Яўгена Лукшы адбылася ля падножжа дуба-патрыярха, якому 600 гадоў. "Полымя міру" запалілі і ў казачным маёнтку, дзе гасцей  сустракаў беларускі Дзед Мароз.

Нацыянальны парк - сапраўдная турыстычная Мека. Толькі летась тут пабывала звыш паўмільёна турыстаў. Магчымасць пранесці сімвалічны агонь па казачных гектарах дасталася маладой выканаўцы Ангеліне Піпер. 

Ужо заўтра эстафета прыбудзе на Палессе. У Пінску факеланосцы наведаюць рачны вакзал, правязуць агонь па рацэ Піне на параходзе. Таксама наперадзе яшчэ шмат сюрпрызаў. Падарожжа "Полымя міру" працягваецца!