Аднымі з першых медалі Еўрапейскіх гульняў разыграюць веласіпедысты

20 июня 2019

Ужо паслязаўтра пройдзе жаночая групавая гонка на 120 кіламетраў. А сёння каманды Літвы, Аўстрыі, Ірландыі і іншых краін правялі трэніроўку за горадам. У складзе беларусаў і пераможца I Еўрапейскіх гульняў у Баку Алена Амялюсік. Трыумфатарам як раз-такі групавой гонкі Алена стала роўна чатыры гады таму, 20 чэрвеня 2015 года. Такім чынам, 22 і 23 чэрвеня пройдуць групавыя гонкі жанчын і мужчын - 120 і 180 кіламетраў адпаведна. Стартуюць удзельнікі ў самым цэнтры сталіцы - на Кастрычніцкай плошчы. Маршрут велагонкі пройдзе праз вуліцы Энгельса, Купалы, Кісялёва, Фрунзэ, Трасцянецкай і Пуліхава. Гэта неабходна ўлічваць аўтамабілістам і тым, хто будзе перасоўвацца ў гэтыя дні па горадзе на грамадскім транспарце. У аўторак, 25 чэрвеня, дзве індывідуальныя гонкі. Аўтааматарам рэкамендуецца планаваць маршрут загадзя - дарогі будуць перакрытыя. Адзначым, маршрут пратэставалі яшчэ ў маі падчас Гран-пры Мінска.